ПОЛАЦКІЯ ДЭМАКРАТЫ ЗЬВЯРНУЛІСЯ ДА ГАРАДОЎ-ПАБРАЦІМАЎ З ПРОСЬБАЙ ДАСЛАЦЬ НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ НА ВЫБАРЫ

Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

"У нашай краіне, — гаворыцца ў лісьце, — прадстаўнікам палітычных партыяў і дэмакратычных арганізацыяў адмоўлена ў праве кантролю за ходам будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Акруговыя выбарчыя камісіі сфармаваныя бяз допуску ў іх незалежных ад уладаў грамадзянаў, гэткім жа чынам сфармаваныя і ўчастковыя камісіі, старшынямі якіх прызначаныя цалкам падкантрольныя ўладнай вэртыкалі людзі. Падобныя падыходы ажыцьцяўляліся і пры падборы чальцоў згаданых камісіяў. Такім чынам, — канстатуецца ў звароце, — арганізаваць дзейсны грамадзкі кантроль за выбарамі не ўяўляецца магчымым".

У зьвязку з тым аўтары звароту просяць грамадзянаў гарадоў-пабрацімаў — нямецкага Фрыдрыхсгафэну, расейскіх Арэхава-Зуева і Адзінцова, польскага Плоцку і францускага Жывору, — аказаць любую законную дапамогу ў кантролі за правядзеньнем выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Падпісалі ліст кіраўнікі мясцовых суполак Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Беларускага Народнага Фронту, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, прадстаўнік тутэйшага прадстаўніцтва Беларускага Гельсынскага камітэту, кіраўнікі суполак Свабоднага прафсаюзу ды шэрагу іншых арганізацыяў.

Як засьведчыў старшыня Полацкага прадстаўніцтва БГК Вадзім Духаменка (цытую) “Вынесьці сьмецьце на чужы падворак і прасіць дапамогі суседніх краінаў прымусіў той перадвыбарчы гратэск, які назіраецца сёньня на Полаччыне”. У тым жа Наваполацку ніводзін з заяўленых прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў не патрапіў у склад выбарчых камісіяў розных узроўняў. Між тым у склад участковых выбарчых камісіяў было рэкамэндавана каля 60 прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў. Больш за тое, гарадзкая вэртыкаль чыніць захады, каб выкінуць са складу камісіяў тых дэмакратаў, якія былі туды абраныя на сходах працоўных калектываў. Так заўважыўшы ў сьпісах вядомых у горадзе дзеячоў дэмакратычнага руху спадароў Кунцэвіча і Ясіновіча, якія былі абраныя на сходзе вытворчага аб’яднаьня “Палімір”, гарвыканкамаўскія функцыянэры прапанавалі заводзкай адміністрацыі правесьці новы сход, каб абраць новы склад участковых камісіяў без удзелу ў іх апазыцыянэраў. Спадар Духаменка спадзяецца, што мэрыі гарадоў-пабрацімаў дашлюць на Полаччыну свае дэлегацыі, якія ў якасьці назіральнікаў возьмуць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах.