У РЭЧЫЦЫ ДЭМАКРАТЫ ВЫКАЗАЛІ ЗЬДЗІЎЛЕНЬНЕ З НАГОДЫ ВЫЛУЧЭНЬНЯ ГАНЧАРЫКА АДЗІНЫМ КАНДЫДАТАМ

Казімер Яноўскі, Гомель


Сёньня чатыры дэмакратычныя суполкі Рэчыцы – БНФ “Адраджэньне”, Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў і “Грамадзянскіх ініцыятываў” – у сумеснай заяве выказалі зьдзіўленьне з нагоды вылучэньня Ўладзімера Ганчарыка адзіным кандыдатам ў прэзыдэнты ад шырокай грамадзкай кааліцыі.

Падпісантам не зразумелыя крытэры, паводле якіх “пяцёрка” вызначыла адзінага кандыдата. Раней абвяшчалася, што супольны кандыдат будзе названы на падставе шасьці паказчыкаў. Лідаруе па ўсіх Сямён Домаш. Таму кіраўнікі рэчыцкіх суполак мяркуюць, што ў выніку закулісных гульняў лідэраў партыяў і, як сказана, віртуальных рухаў кшталту “За новую Беларусь”, Домаша проста вымусілі саступіць.

Вынікі збору подпісаў, мабільная каманда сьведчаць, што Сямён Домаш – найбольш моцны з магчымых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта.

Рэчыцкія кіраўнікі грамадзкіх суполак заклікалі Ўладзімера Ганчарыка і Сямёна Домаша сустрэцца сам-на-сам, рэальна ацаніць свае магчымасьці і вызначыць паміж сабой асноўнага канкурэнта Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.