ПРЭТЭНДЭНТЫ ПАЧАЛІ ЗДАВАЦЬ У КАМІСІІ САБРАНЫЯ ПОДПІСЫ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Этап збору подпісаў для многіх прэтэндэнтаў скончыўся датэрмінова. Так, ініцыятыўная група Сямёна Домаша сёньня пачала падаваць у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі сабраныя подпісы. Перадаюць больш як 144 000 подпісаў выбарцаў, папярэдне адабраных юрыстамі. Найбольш подпісаў у падтрымку спадара Домаша сабралі ў Менску — 27 000, а таксама ў Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях — больш за 23 000.

Сямён Домаш задаволены працай актывістаў сваёй ініцыятыўнай групы, якія за кароткі тэрмін, нягледзячы на ціск уладаў, сабралі столькі подпісаў. Спадар Домаш спадзяецца, што 21 ліпеня падчас сустрэчы пяцёркі назавуць імя адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Гаворыць Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Практычна большасьць з нас гатовая вырашыць 21-га гэтае пытаньне. Мэханізм пакуль такі — крытэры, што мы вызначылі, 6 крытэраў, яны ў першую чаргу будуць разглядацца.

Першае, гэта колькасьць зданых подпісаў на рэгістрацыю, рэйтынг агульны, далей дынаміка рэйтынгу, як яна зьмянілася за гэты час і мяняецца, і адмоўны рэйтынг. Далей такі крытэр як наяўнасьць структураў, якія могуць працаваць ва ўмовах выбарчай кампаніі, і іхная разгалінаванасьць. Ну, і само сабой зразумела, тыя магчымасьці, тыя рэсурсы, якія забясьпечаць правядзеньне выбарчай кампаніі".

Зь ім згодныя й іншыя калегі па пяцёрцы прэтэндэнтаў — спадары Чыгір, Казлоўскі й Ганчарык. Усе яны кажуць, што хаця імя адзінага кандыдата будзе названае ў суботу, верагодна, усе сябры пяцёркі пойдуць на рэгістрацыю. У іншым выпадку ўлады могуць не зарэгістраваць адзінага кандыдата.

Актывісты штабу Ўладзімера Ганчарыка перадаюць у камісіі 120 000 подпісаў.

Паводле Міхаіла Чыгіра й Паўла Казлоўскага, яны сабралі больш чым па 100 000 подпісаў і зараз ідзе працэс іхнай перадачы ў выбарчыя камісіі. Усе яны задаволеныя працай актывістаў сваіх выбарчых штабоў.

І толькі лідэр ПКБ Сяргей Калякін ня меў настрою. Ён не захацеў даваць прагнозы адносна таго, ці будзе вылучаны адзіны кандыдат 21 ліпеня. Лідэр ПКБ, у падтрымку якога таксама сабралі больш за 100 000 подпісаў, цяпер заклапочаны тым, як перадаць іх у выбарчыя камісіі. Улады палохаюць рэпрэсіямі сяброў ягонай ініцыятыўнай групы — напрыклад у Ельску запалоханыя актывісты-камуністы баяцца перадаваць у камісію больш за 300 подпісаў у падтрымку Калякіна.

Аляксандар Ярашук, які таксама мае 100 000 подпісаў, гатовы весьці перамовы зь іншымі дэмакратычнымі прэтэндэнтамі і зьняць сваю кандыдатуру на карысьць адзінага, але ня бачыць пакуль жаданьня пяцёркі весьці зь ім такія перамовы.

І апошняе паведамленьне са штабу лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча. Паводле гэтай інфармацыі, лібэрал-дэмакраты сабралі за Гайдукевіча больш як 170 000 подпісаў.