КАНСУЛЬТАЦЫЙНАЯ РАДА АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ ЗАНЕПАКОЕНАЯ ПАРУШЭНЬНЯМІ ЗАКАНАДАЎСТВА НАПАЧАТКУ ВЫБАРЧАЙ КАМПАНІІ

Уладзімер Глод, Менск


Партыйныя лідэры засяродзілі ўвагу на тым, што, хаця афіцыйна фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў пачалося 8 чэрвеня, толькі на пяты дзень тыднёвага тэрміну, што адводзіцца для падачы неабходных заяваў, былі надрукаваныя адпаведныя формы пратаколаў.

Мясцовыя ўлады перашкаджаюць вылучэньню прадстаўнікоў палітычных партыяў у склад выбарчых камісіяў. Такія выпадкі зафіксаваныя ў Бабруйскім, Шаркаўшчынскім, Аршанскім, Наваградзкім ды іншых раёнах.

Ёсьць факты адміністратыўнага ціску на грамадзянаў, якія паставілі подпісы за дэмакратычных кандыдатаў у сябры выбарчых камісіяў.

Чаму ўлады так паводзяць сябе ўжо напачатку выбарчай кампаніі? Станіслаў Шушкевіч, які старшыняваў на сёньняшнім паседжаньні, так тлумачыць гэтыя захады:

(Шушкевіч: ) "Справа ў тым, што ўлада не чакала арганізаваных дзеяньняў апазыцыі і фактычна яна прачнулася ў той момант, калі апазыцыя падала вельмі дакладныя, добра зробленыя сьпісы ў неабходнай форме. І ў гэтай нечаканасьці яна паводзіць сябе зусім нелягічна — яна пачала бегаць, хаваць сьпісы, не прымаць людзей.

А людзі вельмі спакойна на гэтым настоялі, паведамілі ў наш фактычна каардынацыйны цэнтар — Міжпартыйны цэнтар у справе вылучэньня наглядальнікаў і сябраў камісіяў, таму што партыі праводзяць скаардынаваныя дзеяньні. Я думаю, што зараз улады будуць дзейнічаць яшчэ больш нахабна, таму што яны бачаць, што сутыкаюцца з арганізаванай сілай".

Кансультацыйная рада патрабуе ад Цэнтарвыбаркаму спыніць незаконныя дзеяньні супраць уключэньня прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў. На парушэньні закону зьвяртаюць увагу пракуратуры Беларусі.

Удзельнікі паседжаньня папрасілі КНГ АБСЭ ў Беларусі давесьці інфармацыю пра выяўленыя парушэньні заканадаўства адпаведным структурам АБСЭ ды іншых міжнародных арганізацыяў.

Дарэчы, сёньня стала вядома, што заплянаваны на 1–3 ліпеня візыт Парлямэнцкай "тройкі" ў Беларусь можа быць перанесены на іншы тэрмін. Як вядома, гэтымі днямі ў Беларусі будзе праходзіць сьвяткаваньне афіцыйнага Дня незалежнасьці.