ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ПАСТАНАВІЎ БАЛЯТАВАЦЦА НА ВЫБАРАХ ПРЭЗЫДЭНТА

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага


(Карэспандэнт: ) “Якім чынам Вы можаце быць зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты, калі Вы знаходзіцеся за мяжой?”

(Пазьняк: ) “Зарэгістраваны я магу быць па законе і па праву. І закон, і права, і мараль на маім баку. Калі яны мяне не зарэгіструюць, парушыўшы права, мараль, законннасьць, традыцыі, устаноўленыя ў палітыцы, то тым горш для іх. Ня думаю, што такімі дзеяньнямі рэжым можа выйграць і даказаць некаму, што выбары на безальтэрнатыўнай аснове – ёсьць выбары дэмакратычныя”.

(Карэспандэнт: ) “Каму зь цяперашніх патэнцыйных кандыдатаў Вы ў разе патрэбы аддалі б свае галасы?”

(Пазьняк: ) “Цяперашнія кандыдаты, якія выказалі жаданьне ўдзельнічаць у выбарах, належаць да адной маскоўска-лукашэнкаўскай групы, і, натуральна, нават ставіць пытаньне каму я, ці мы, маглі б аддаць галасы, выглядае жартам. Я і Вызвольны рух якраз выстаўляем нацыянальную альтэрнатыву ад беларусаў, ад беларускага народу, каб супрацьстаяць гэтым кандыдатам і гэтай палітыцы, маючы на ўвазе і Лукашэнку і яго асяродзьдзе, і “пяцёрку” намэнклятуры, што засьведчылі, што яны хочуць удзельнічаць у выбарах”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ў Вас ужо гатовая эканамічная праграма і якія яе асноўныя пункты?”

(Пазьняк: ) “У мяне гэтая праграма гатовая яшчэ з 1994 года, калі я кандыдаваў на выбарах прэзыдэнта. І тады савецкі электарат выбраў Лукашэнку. Вось за сем гадоў у гэтых людзей была магчымасьць, хто меў рацыю. Таму зараз задача для мяне будзе значна цяжэйшая – той узровень, які быў у 1994 годзе, і які ёсьць зараз… Але ёсьць усё, і ёсьць усе сілы і магчымасьці, каб Беларусі і беларускаму народу вярнуць прыстойнае жыцьцё за дастаткова хуткі час. Мне вядомыя тыя патэнцыйныя магчымасьці, якія можна пусьціць у ход”.

(Карэспандэнт: ) “І тады апошняе пытаньне. Калі Вашыя прадстаўнікі ў Беларусі пададуць дакумэнты на рэгістрацыю?”

(Пазьняк: ) “У бліжэйшы час, да 15-га, як вызначана”.