РЭЙТЫНГ МАГЧЫМЫХ СУПЕРНІКАЎ ЛУКАШЭНКІ ЗНАЧНА ВЫРАС

Віталь Цыганкоў, Менск


41% апытаных ня хочуць, каб Аляксандар Лукашэнка быў прэзыдэнтам краіны яшчэ адзін тэрмін. Такі адзін з вынікаў апошняга нацыянальнага апытаньня, якое правёў у красавіку Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД).

Калі б заўтра былі выбары прэзыдэнта Беларусі, за Аляксандра Лукашэнку гатовыя былі б прагаласаваць 37% апытаных, за Міхаіла Чыгіра — 6,6%. На трэцім месцы Сямён Домаш — 2,7%.

Калі параўнаць з апошнім дасьледаваньнем, што прайшло ў лютым, рэйтынг Лукашэнкі паменшаў на 4 пункты, а ў Чыгіра вырас на 3,3 пункта, альбо ўдвая. Варта патлумачыць, што гэта лічбы так званага адкрытага апытаньня, калі рэспандэнтам не даюць ніякіх прозьвішчаў і яны вымушаныя самі ўзгадваць імёны палітыкаў.

Інакш выглядаюць вынікі закрытага апытаньня, калі рэспандэнтам прапануюць выбраць з пазначаных у анкетах прозьвішчаў. Адказваючы на пытаньне "За каго зь іх вы гатовыя прагаласаваць на прэзыдэнцкіх выбарах?", за Лукашэнку выказаліся 39%, за Чыгіра — 18%, за Ганчарыка — 10% і за Домаша — 8%.

Такім чынам, калі апытаным прапаноўвалі нейкія імёны на выбар, рэйтынг Лукашэнкі не мяняўся, відавочна дасягнуўшы сваёй "столі", а рэйтынг ягоных апанэнтаў шматкроць павялічваўся.

У дачыненьнях з Расеяй большасьць (38%) па-ранейшаму выбірае добрасуседзкія стасункі дзьвюх незалежных дзяржаваў. За саюз незалежных дзяржаваў выступаюць амаль 34%, і толькі 26,5% апытаных выступаюць за аб'яднаньне ў агульную дзяржаву.

Але парадокс масавай сьвядомасьці — калі б сёньня праходзіў рэфэрэндум пра аб'яднаньне Беларусі й Расеі, за аб'яднаньне галасавала б 56% апытаных, а супраць — амаль 29%. Пры гэтым толькі кожны дзясяты лічыць, што саюз Беларусі й Расеі палепшыў жыцьцё шараговых беларусаў і расейцаў.