У МЕНСКУ ІЗНОЎ ШПІЁНЫ.

Альгерд Невяроўскі, Менск.


Прыкладна 40 маладафронтаўцаў у чорных акулярах, чорным адзеньні ды зь іншымі атрыбутамі шпіёнаў сабраліся сёньня ўвечары каля будынку беларускага тэлебачаньня на вуліцы Макаёнка. Арганізатар акцыі, лідэр МФ Павал Севярынец так патлумачыў мэту гэтага мерапрыемства:

(Севярынец: ) “Зараз пачнецца “Марш шпіёнаў”. Сёньня мы адзначаем усясьветны дзень радыё, тэлевізіі і сувязі, і ў часе гэтай акцыі мы плянуем давесьці да абсурду тую шпіёнаманію, якая пануе зараз у афіцыйных СМІ. Менавіта таму сёньня мы зьявіліся ў прафэсійны дзень тэлевізійнікаў і радыйнікаў да будынку беларускай тэлевізіі, і менавіта таму мы зараз будзем ажыцьцяўляць сваю “прафэсійную працу”: ставіць “жучкоў”, вэрбаваць агэнтаў і вельмі моцна падрываць асновы дзеючага рэжыму”.

Сказаў Павал Севярынец.

Тымчасам маладафронтаўцы-"шпіёны" уключылі любімыя песьні тайных агэнтаў з савецкага фільму "17 імгненьняў вясны” і амэрыканскага "Місія невыканальная" і накіраваліся ў будынак тэлебачаньня, каб праз паставога міліцыянта перадаць вядучым БТ зробленыя з запалкавых каробак маленькія тэлевізары, унутры якіх сядзелі травеньскія жукі.

(Севярынец: ) “Мы хочам перадаць вам невялічкі падаруначак. Паколькі мы шпіёны, то ў вашае прафэсійнае сьвята мы хочам выканаць свой прафэсійны абавязак. У нас шпіёнам лічыцца кожны, хто займаецца справай незалежнасьці, хто выступае за дэмакратыю, а таму мы паспрабуем падараваць вам сёньня экранчык БТ з жучком”.

Пасьля ўдзельнікі акцыі, стаўшы па двое, накіраваліся па ходніках вуліцы Макаёнка й праспэкту Скарыны да будынку дзяржаўнага радыё. Сьледам за маладафронтаўцамі ехала каля 10 міліцэйскіх машынаў.

У раёне плошчы Калініна да Паўла Севярынца падбеглі міліцыянты й спрабавалі яго затрымаць, але безвынікова. Маладафронтаўцы без перашкодаў дайшлі да будынку дзяржаўнага радыё і нават спрабавалі перадаць яго супрацоўнікам аўдыёкасэту зь песьнямі савецкага кампазытара Мікаэла Тарывэрдзіева й бутэльку Кока-колы – як сымбаль заходняга ладу жыцьця.

У гэты час, у будынак радыё убеглі міліцыянты, і адзін зь іх ударыў Паўла Севярынца па нырках.

(Севярынец: ) “Я думаю, што яны нэрвуюцца: убачылі шмат маладых людзей у чорных акулярах. А нэрвуюцца таму, што ведаюць: хутка выбары, а на гэтых выбарах відавочна празь некалькі месяцаў усё абыйдзецца без гэтага рэжыму, без гэтай шызафрэнічнай шпіёнаманіі. Мы пастараемся, каб гэтак было.”

Лідэра Маладога Фронту затрымалі й павезьлі у Першамайскі пастарунак міліцыі. Начальнік гэтага райаддзелу Аляксандар Пархомчык заявіў нашаму радыё, што хоча даведацца, дзе дакладна прапісаны Павал Севярынец і чаму ён ухіляецца ад службы ў войску.