А.ЛУКАШЭНКА: МЫ НЯ МАЕМ ПРАВА ПРАЙГРАЦЬ ВЫБАРЫ

Валер Каліноўскі, Менск

Гэты загад, як і спроба кансалідаваць выканаўчую ўладу — частка перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі.

Хоць Аляксандар Лукашэнка на сёньняшняй нарадзе з вэртыкальлю адмыслова казаў, што тэма будучых прэзыдэнцкіх выбараў абмяркоўвацца не павінна, на справе было іначай.

Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Мы ня маем права прайграць выбары”. Ён зьвязвае свой пройгрыш на выбарах зь лёсам ня толькі Беларусі, але й Расеі, маўляў, “калі ня выстаіць Беларусь, што была ініцыятарам інтэграцыйных працэсаў, дык ня будзе й ніякай Расеі”.

Лукашэнку відавочна, хто супрацьстаіць спробам "выстаяць". Ён зазначыў, што на Захадзе ўжо падрыхтавана 500 мільёнаў даляраў дзеля замены цяперашняга кіраўніка беларускай дзяржавы.

А.Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўніка КГБ Леаніда Ерына, каб да ўсіх замежных грамадзянаў і прадстаўнікоў унутранай апазыцыі, што “спрабуюць дэстабілізаваць сытуацыю”, прымянялі самыя жорсткія меры.

Аляксандар Лукашэнка і Міхаіл Мясьніковіч прызнаюць сур'ёзнай праблемай для выбарчай кампаніі “дэструктыўную пазыцыю КНГ АБСЭ і асаблівую пазыцыю амбасады ЗША”. Зноў гучаў тэзыс пра 15 000 назіральнікаў, якія нібыта закліканыя паспрыяць фальсыфікацыі выбараў — праз альтэрнатыўны падлік галасоў і абвяшчэньне вынікаў на карысьць апазыцыйнага кандыдата.

Вядомы беларускі палітык Аляксей Кароль апошні тэзыс Міхаіла Мясьніковіча пракамэнтаваў наступным чынам:

(Кароль: ) "Называць фальсыфікацыяй прысутнасьць наглядальнікаў — гэта сапраўды з хворай галавы на здаровую. Назіральнікі — нармальная рэч, нармальны стан, і калі нармальная дэмакратычная сытуацыя ў краіне, то ўлады іх не баяцца. Шырокамаштабныя фальсыфікацыі на справе рыхтуе рэжым Лукашэнкі".

Міхаіл Мясьніковіч на працягу двух апошніх дзён спрабаваў пераканаць прадстаўнікоў вэртыкалі з рэгіёнаў, што сытуацыя ў краіне пад надзейным кантролем, што курс А.Лукашэнкі падтрымліваецца народам, а апазыцыя ня здолела перахапіць палітычную ініцытыву.

Дзеяньні мясцовай улады, на думку спадара Мясьніковіча, “не павінны кінуць цень на нашага кандыдата”. “Наш кандыдат” — гэта, відавочна, Аляксандар Лукашэнка. Аляксей Кароль сумняецца ў плённасьці спробаў кансалідаваць мясцовую намэнклятуру напярэдадні выбараў толькі вакол гэтага кандыдата.

(Кароль: ) "Калі зірнуць на стан нашага грамадзтва на працягу гэтых сямі гадоў, можна меркаваць, што 80% намэнклятуры (і гэта пацьвярджаюць апытаньні) незадаволеныя Лукашэнкам.

Дарэчы, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, намэнклятура яго не хацела. Такім чынам, беларуская намэнклятура мае адметную рысу — гэта арыентацыя на пераможцу. Такім пераможцам яна пакуль цалкам ня лічыць Лукашэнку. Намэнклятура ня скончыла яшчэ сваёй гульні і, публічна завяраючы Лукашэнку ў сваёй адданасьці й працы на яго, яна выношвае і свой сцэнар".

Аляксей Кароль лічыць, што свайго выбару — скарыцца Лукашэнку ці ажыцьцяўляць іншы сцэнар — беларуская намэнклятура яшчэ не зрабіла.