Зянон Пазьняк, верагодна, вернецца ў Беларусь, калі будзе афіцыйна зарэгістраваны кандыдатам на прэзыдэнта.
Соймавая канфэрэнцыя Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, у якой удзельнічала больш за 200 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, абмяркоўвала адзінае пытаньне — удзел партыі ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах.
Галоўным завочным дакладчыкам на канфэрэнцыі стаў сам лідэр партыі Зянон Пазьняк, які даслаў дэлегатам ліст пад назваю "За Беларусь".
У ім спадар Пазьняк адзначае, што "Беларускі вызвольны рух" (аб'яднаньне, у якое ўваходзяць сябры КХП БНФ і асобы, што прынялі грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі) не павінен дапусьціць, каб краінай надалей кіравалі антыбеларускія сілы, і таму павінен узяць актыўны ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, нават нягледзячы на тое, што іхныя вынікі будуць сфальшаваныя.
Паводле Зянона Пазьняка, толькі "Вызвольны рух" ёсьць сапраўднай альтэрнатывай цяперашняй уладзе. Усе астатнія палітычныя сілы, у тым ліку і аб'яднаная апазыцыя, лідэры якой "заўсёды схіляліся перад Масквой, а цяпер езьдзяць туды прасіць грошай і падтрымкі", на думку спадара Пазьняка, удзельнічаюць у "маскоўска-лукашэнкаўскім сцэнары", і таму ёсьць праціўнікамі "Вызвольнага руху".
Зянон Пазьняк таксама лічыць, што ні ў якім выпадку нельга дапусьціць, каб на зьмену Лукашэнку пры дапамозе Захаду й Расеі прыйшоў іншы прамаскоўскі кандыдат, гэткі "беларускі Каштуніца".
Удзельнікі канфэрэнцыі таксама заслухалі палітычныя даклады выканаўцы абавязкаў старшыні КХП БНФ у Беларусі Юр'я Беленькага ды іншых партыйных лідэраў і адзінагалосна прынялі зварот да Зянона Пазьняка з заклікам стаць кандыдатам на прэзыдэнта ад "Вызвольнага руху".
Гаворыць сябра сойму КХП БНФ і прэсавы сакратар партыі Валер Буйвал:
(Буйвал: ) "Толькі Зянон Станіслававіч Пазьняк зьяўляецца сапраўдным прадстаўніком палітычных інтарэсаў незалежнай беларускай дзяржавы. Мы ўтворым шырокія структуры падтрымкі нашага кандыдата, будзем зьбіраць подпісы, будзем удзельнічаць у гэтай палітычнай барацьбе.
Сустракаючыся зь людзьмі, з выбаршчыкамі, мы маем зьвесткі, што да 35% жыхароў нашай краіны падтрымліваюць кандыдатуру Пазьняка".
В.Буйвал гаворыць, што хаця Зянон Пазьняк яшчэ ня даў сваёй афіцыйнай згоды на ўдзел у выбарах, актывісты "Вызвольнага руху" ўжо пачалі ствараць перадвыбарчыя штабы свайго кандыдата ў рэгіёнах.
Валер Буйвал не выключае, што ўлады могуць і не дапусьціць удзелу спадара Пазьняка ў выбарах, але, тым ня менш, зьбіраць подпісы ў ягоную падтрымку сябры партыі будуць. Супрацоўнічаць з прадстаўнікамі іншых апазыцыйных структураў у часе выбарчай кампаніі прадстаўнікі "вызвольнага руху" не зьбіраюцца.
На думку Зянона Пазьняка ды іншых актывістаў КХП БНФ, удзел у выбарах як мага большай колькасьці грамадзянаў і кантроль за галасаваньнем зьмяншаюць шанцы ўладаў сфальсыфікаваць іхныя вынікі.
Валер Буйвал паведаміў, што Зянон Пазьняк, верагодна, вернецца ў Беларусь толькі пасьля таго, як будзе афіцыйна зарэгістраваны кандыдатам на прэзыдэнта.