Пра тое, што польская гаспадарка імкліва рушыла наперад было вядома ўжо некалькі месяцаў таму, аднак гэтымі днямі міністэрства фінансаў заявіла, што сёлета, ўпершыню за шмат гадоў, бюджэт атрымлівае грошай з падаткаў амаль на траціну больш, чым было заплянавана. Паводле адмыслоўцаў, гэта перадусім, вынік студзеньскага зьніжэньня падатку для прадпрыемстваў.
Ганна Гранкевіч, былая старшыня Нацыянальнага банку Польшчы, кажа:
(Гранкевіч: ) “Калі зьніжаецца падатак, у прадпрымальнікаў няма схільнасьцяў, каб хаваць свой прыбытак – прасьцей папросту заплаціць”.
Паляпшэньне стану бюджэту краіны – гэта заслуга перадусім прадпрымальнікаў, якія ўсё ж змаглі ў пэрыяд эканамічнага спаду грунтоўна перабудаваць свае прадпрыемствы, набыць новае абсталяваньне, а некаторыя – з посьпехам замацавацца на заходніх рынках.
Адмыслоўцы кажуць, што сёлета бюджэт можа атрымаць нават на мільярд даляраў больш, чым у мінулым годзе.
Сапраўдны, а не папяровы эканамічны рост, праз пэўны час непазьбежна перакладаецца на паляпшэньне матэрыяльнага становішча грамадзянаў краіны, а адной з найбольш пэўных прыкметаў гэтага паляпшэньня ёсьць рост інвэстыцыяў у пабудову ўласнага жытла.
Паводле прадстаўнікоў будаўнічых фірмаў, якія прымаюць на працу будаўнікоў зь Беларусі й Украіны, больш працаўнікоў ім спатрэбіцца ўжо напрыканцы гэтага лета.