НА ПАМЕЖНЫМ ПЕРАХОДЗЕ “БРУЗГІ” АДБЫЛАСЯ АКЦЫЯ ПРАТЭСТУ КІРОЎЦАЎ

Сяргей Астраўцоў, Горадня.

Зь лютага на памежных пераходах Гарадзенскай вобласьці за гэта неабходна плаціць 8750 рублёў—удвая болей, чым было. Сёньня пры канцы дня ўлады зноўку зьменшылі гэты мясцовы падатак.

Раніцай у Брузгах адбылася акцыя пратэсту. Уладам давялося адразу рэагаваць. Вось што расказаў адзін з удзельнікаў акцыі.

(Спадар: ) “Прыяжджалі высокія міліцэйскія чыны, поўнасьцю ачапленьне стаяла, прыяжджалі памежнікі, начальнік мытні. Страйк як бы быў. Як віднець пачало, дзесьці гадзіне а восьмай. Да дзесяці ўсе сабраліся, зьехалася начальства, ну і размаўлялі да гадзінаў адзіннаццаці-паловы дванаццатай”.

У Брузгі прыяжджаў таксама намесьнік старшыні аблвыканкаму Уладзімір Малец. Ён паабяцаў, што абласныя ўлады перагледзяць падатак на выезд за мяжу. А семнаццатай гадзіне на пляцы Леніна ў Горадні сабраліся чалавек дваццаць пяць. Яны патлумачылі міліцыі, што сп. Малец паабяцаў ім даць на гэтым месцы адказ. Неўзабаве прыйшоў палкоўнік міліцыі і паведаміў наступнае:

(Міліцыянт:) “Рашэньне прынята такое: з дваццаці вечара грамадзяне Рэспублікі Беларусь будуць пераяжджаць мяжу за чвэрць базавай велічыні, гэта значыцца, за палову той сумы, якая была. Для замежных грамадзянаў застаецца гэтак жа, як было ўведзена—палова базавай велічыні. Гэта будзе дзейнічаць з дваццаці вечара сёньня”.

Пачуўшы гэтую навіну, людзі адразу разышліся.