У 2003 ГОДЗЕ БЕЛАРУСЬ ЗАСТАЛАСЯ Ў ГРУПЕ КРАІНАЎ З НАЙГОРШЫМІ ПАКАЗЬНІКАМІ ЭКАНАМІЧНАЙ СВАБОДЫ

Юры Дракахруст, Прага

Паводле індэксу Foundation Heritage Беларусь з 1998 году знаходзіцца у кампаніі краінаў, дзе стан эканамічнай свабоды – найгоршы. Летась з краінаў СНД найгоршы рэйтынг эканамічнай свабоды мелі Таджыкістан – 146 месца, Узбэкістан – 149-е і Туркмэністан – 150-е месца. Параўнальна лепшыя паказчыкі мае Расея – яна знаходзіцца на 114 месцы, сярод краінаў, якія дасьледчыкі фонду называюць пераважна несвабоднымі. Падобныя паказчыкі мае і Ўкраіна – 117 месца. У сэнсе эканамічнай свабоды найлепш выглядае Армэнія, яна займае 44 месца і знаходзіцца ў групе пераважна свабодных краінаў.

Паводле справаздачы, у параўнаньні з 2002 годам летась Беларусь крыху палепшыла свае паказьнікі эканамічнай свабоды. У спаваздачы пазначана, як розныя аспэкты эканамічнага жыцьця паўплывалі на агульную ацэнку. Калі сумаваць, то атрымліваецца, што ўрад у 2003 годзе працаваў горш, чым пазалетась, але зьнізіўся ўзровень карупцыі і хабарніцтва. Вынікам стала невялічкае паляпшэньне рэйтынгу эканамічнай свабоды. Варта заўважыць, што самыя нізкія ацэнкі з пункту гледжаньня эканамічнай свабоды экспэрты Фонду далі грашовай палітыцы, а таксама палітыцы ў сфэры заробкаў і цэнаў.

Канкрэтныя месцы і балы тых ці іншых краінаў маюць у пэўнай ступені ўмоўны характар. Значна больш істотную ролю адыгрывае катэгорыя, у якую трапляе дзяржава паводле рэйтынгу. І Беларусь, на жаль, у групе краінаў, дзе эканамічнай свабоды фактычна няма. Што гэта азначае для сьвету? Прынамсі для замежных інвэстараў – гэта фактычна “чырвонае сьвятло”, запаленае на мяжы такой краіны.

“Затое ў нас парадак” – часам можно пачуць ад прадстаўнікоў беларускага ўраду. Аднак замежнага інвэстара цікавіць крыху іншае, ці будзе ягоны посьпех залежыць ад ягоных уласных высілкаў, ці ад здольнасьці дамовіцца з чыноўнікамі. Калі апошняе, інвэстар лепш пашукае іншага месца прыкладаньня сваіх грошай. Ну а айчынным прадпрымальнікам ды і насельніцтву ў цэлым даводзіцца адчуваць даброты адсутнасьці эканамічнай свабоды, так бы мовіць, на ўласнай скуры. Рэйтынг эканамічнай свабоды, асабліва на працяглым прамежку часу, супадае з рэйтынгам дабрабыту. Несвабодныя эканамічна краіны бываюць багатымі рэдка. І нядоўга.