ПРАРЫВУ НА ПЕРАМОВАХ З “ГАЗПРОМАМ” НЕ АДБЫЛОСЯ

Валер Каліноўскі, Менск

Аляксей Мілер на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам адразу заявіў, што гатовы “тут і сёньня вырашыць усе пытаньні ў справе паставак расейскага газу ў будучым годзе і стварэньня сумеснага газатранспартнага прадпрыемства”. Аднак сёньня гэтага не адбылося. Спадар Мілер нават адмовіўся ад аднаго з заплянаваных раней пунктаў праграмы свайго візыту — наведваньня “Белтрансгазу”.

Нягледзячы на папярэднія чаканьні ў “Газпроме”, істотных зьменаў у пазыцыі беларускага боку на перамовах наконт прыватызацыі “Белтрансгазу” не адбылося. Беларусь настойвае на захаваньні кантрольнага пакету акцыяў гэтага акцыянэрнага таварыства як стратэгічнага для краіны.“Гэта ёсьць абавязковай умовай на першапачатковым этапе інвэставаньня, кантрольны пакет будзе знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасьці рэспублікі да асаблівага рашэньня кіраўніка дзяржавы”, — паведамілі сёньня ва ўрадзе Беларусі. Беларускі бок настойвае на гэтым, аргумэнтуючы тым, што Расея паводле свайго заканадаўства ня можа прадаць нават 20% акцыяў сваіх аналягічных аб’ектаў замежным інвэстарам, і што нават купіўшы акцыі газавых кампаніяў Літвы, Латвіі і Славаччыны, “Газпром” ня мае там кантрольнага пакету.

Адзіная відавочная саступка зь беларускага боку, — тое, што афіцыйны Менск выказаў гатовасьць разгледзець магчымасьць продажу меркаванага пакету акцыяў “Белтрансгазу” “Газпрому” ў растэрміноўку на 4–5 гадоў шляхам пастаўкі газу. Пры гэтым рынкавы кошт “Белтрансгазу” застаўся нязьменны — 4,5–5 мільярдаў даляраў. Акрамя таго, беларускі бок адмовіўся ад ранейшага патрабаваньня ў выпадку стварэньня газатранспартнага сумеснага прадпрыемства ўключыць туды і беларускі ўчастак газаправоду “Ямал–Эўропа”.

Прапанаваўшы такія саступкі, Аляксандар Лукашэнка хацеў ужо сёньня зньняць усе праблемныя пытаньні ў газавай сфэры.

(Лукашэнка: ) “Беларускі бок ня будзе штучна тармазіць ніводнага з працэсаў, якія ўзьніклі, і я хачу, каб вы ведалі, што нягледзячы на рознага роду перапалку ў СМІ, якая адбывалася апошнім часам, яе трэба пакінуць убаку, і дамаўляцца ў інтарэсах Беларусі й Расеі”, — сказаў А.Лукашэнка кіраўніку “Газпрому” Аляксею Мілеру.

А калі той прыбыў ва ўрад, то вымушаны быў чакаць сустрэчы з кіраўніком Саўміну Беларусі Сяргеем Сідорскім больш за пяць хвілінаў, — відавочна, што той кансультаваўся з А.Лукашэнкам. Спадар Сідорскі паабяцаў Аляксею Мілеру выконваць усе ранейшыя дамоўленасьці адносна аплаты паставак газу, але пры гэтым адмыслова нагадаў пра ранейшыя дамоўленасьці прэзыдэнтаў пра адзіныя ўмовы гаспадараньня ў Расеі й Беларусі, заявіўшы, што кошт газу тут застаецца вызначальным для беларускіх прадпрыемсваў. Беларусь хоча істотнага павелічэньня аб’ёмаў паставак газу на 2004 год — да 20,5 мільярду кубамэтраў. Аляксей Мілер адказаў на гэта няпэўна:

(Мілер: ) “Думаю, што вызначаныя аб’ёмы будуць неабходныя і дастатковыя для Беларусі з разуменьнем платаздольнага попыту з боку беларускіх спажыўцоў”.

Аляксей Мілер сказаў, што наконт прыватызацыі “Белтрансгазу” ёсьць поўнае бачаньне і разуменьне сытуацыі з абодвух бакоў, якія наблізіліся да дамоўленасьці, але яшчэ патрэбна абмеркаваць шэраг момантаў. На гэта спадар Мілер адвёў час да канца году. Да 1 студзеня павінен быць падпісаны і кантракт на пастаўку газу ў Беларусь у 2004 годзе. Такім чынам, кіраўніцтва “Газпрому” дало зразумець, што падпісаньне гэтага кантракту наўпрост зьвязанае з вырашэньнем праблемы прыватызацыі “Белтрансгазу” “Газпромам”.