СКАНДАЛ ВАКОЛ РАСЕЙСКАЙ КАМПАНІІ “ЮКОС” НАЎРАД ЦІ ПАЎПЛЫВАЕ НА БЕЛАРУСЬ

Юлія Шарова, Менск

Як паведамілі Свабодзе ў дзяржаўным канцэрне “Белнафтахім”, за дзевяць месяцаў гэтага году “ЮКОС” паставіў на абодва беларускія заводы 1 мільён тонаў нафты. А ўсяго за гэты пэрыяд Мазырскі НПЗ і наваполацкі “Нафтан” перапрацавалі 12 мільёнаў тонаў сыравіны. Такім чынам, сыравіна ад “ЮКОС” складае ў агульным аб’ёме менш за 10%. Наогул, “ЮКОС” ніколі ня быў сталым партнэрам для Беларусі, а пастаўкі нафты адбываюцца нерэгулярна.

Пашырыць свой уплыў на Беларусім рынку капанія намагалася колькі гадоў таму. У красавіку 2001 году кіраўнік “ЮКОС” Міхаіл Хадаркоўскі правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Тады разглядалася магчымасьць паставак сыравіны ў Эўропу празь беларускія нафтаправоды. У паасобку, абмяркоўваліся варыянты мадэрнізацыі існоўнай сеткі ды будаўніцтва новых нафтаправодаў у напрамках “Полацак-Прыбалтыка” і “Полацак-Эўропа”. Але ўрэшце кампанія не пайшла далей за пастаўкі нафты на беларускія НПЗ.

Між тым, расейскія аналітыкі адзначаюць, што сытуацыю вакол арышту кіраўніка “ЮКОС” прывяла да рэзкага падзеньня кошту акцыяў кампаніі і такім чынам перастала быць ейнай унутранай праблемай. Згодна з самымі пэсымістычнымі прагнозамі, у Расеі можа паўтарыцца сытуацыя жніўня 1998 году, бо апэрацыйная дзейнасьць “ЮКОС” значна пацярпела.