КАЛЕГІЯ ГОМЕЛЬСКАГА ГАСПАДАРЧАГА СУДУ ПАЦЬВЕРДЗІЛА АБГРУНТАВАНАСЬЦЬ АРЫШТУ АКЦЫЯЎ “СЛАВНАФТЫ”

Казімер Яноўскі, Гомель

Прадстаўнікі “Славнафты” дамагліся, каб паседжаньне суду было закрытым. Матывавалі гэта тым, што ў матэрыялах справы ёсьць камэрцыйныя сакрэты. Прадстаўнікі нават адмаўляліся назваць журналістам свае прозьвішчы.

Як высветлілася, інтарэсы “Славнафты” абаранялі дырэктар юрыдычнай фірмы “Траст” зь Менску Яўген Лазарэнкаў і гомельскі юрыст Віктар Лешчанка.

Сутнасьць канфлікту паміж таварыствам “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод плюс” і “Славнафтаю” палягае ў тым, што кампанія па сутнасьці пазбавіла мазырчукоў права на валоданьне больш як 6% сваіх акцыяў. Яшчэ ў 1997 годзе гэтыя акцыі былі набытыя ў абмен на 15% акцыяў Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу.

Падчас размоваў беларускіх кіраўнікоў пра стварэньне адзінай саюзнай дзяржавы з Расеяй таварыства “МНПЗ плюс” прадало акцыі расейскаму інвэстыцыйнаму дому “Кондар” за 10 зь лішнім мільёнаў даляраў.

Калі пра ўгоду даведалася найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі, загадана было вярнуць усё назад. Тым больш, што ўгода куплі-продажу была юрыдычна няспраўджанай. Мазырчукі сапраўды вярнулі “Кондару” атрыманую валюту. Аднак інвэстыцыйны дом адмовіўся ад грошай, паколькі акцыі былі прададзеныя ўжо ў іншыя рукі.

Інцыдэнт “МНПЗ плюс” і “Славнафты” фігураваў падчас нядаўніх перамоваў у Сочы Аляксандра Лукашэнкі з прэзыдэнтам Расеі Пуціным. Беларускі кіраўнік заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што акцыі “былі проста скрадзеныя і вывезеныя з краіны”.

Я пацікавіўся ў прадстаўніка таварыства “МНПЗ плюс” Мікалая Ястрэмскага: чаму таварыства так доўга не патрабавала вярнуць сваю долю акцыяў?

(Ястрэмскі: ) “У Расейскай Фэдэрацыі раней разглядаліся пазовы. Арбітражны суд Масквы прызнаў нават угоду куплі-продажу акцыяў незаконнай. Цяпер праз расейскія суды мы спрабуем знайсьці гэтыя акцыі. Паралельна мы зьвярнуліся ў Гомельскі гаспадарчы суд, каб аднавіць у рэестры “Славнафты” мазырскіх акцыянэраў і вярнуць такім чынам сваю маёмасьць. Мы патрабуем аднаўленьня парушанага права на валоданьне часткаю акцыяў “Славнафты”, — сказаў намесьнік дырэктара таварыства “МНПЗ плюс” спадар Ястрэмскі.

Арышт акцыяў быў прэвэнтыўнай мерай. 10 кастрычніка гаспадарчы суд будзе разглядаць па сутнасьці прэтэнзіі мазырчукоў да кампаніі “Славнафта”.