МІНІСТЭРСТВА ЭКАНОМІКІ ПРАПАНАВАЛА ПРАЕКТ ДЭКРЭТУ ПРА СПРОШЧАНУЮ СЫСТЭМУ ПАДАТКААБКЛАДАНЬНЯ СУБ’ЕКТАЎ МАЛОГА ПРАДПРЫМАЛЬНІЦТВА

Юлія Шарова, Менск

Праект прэзыдэнцкага дэкрэту мае шэраг станоўчых палажэньняў. Гэтак, распрацоўшчыкі прапануюць скасаваць сыстэму ўсталяваньня й уплаты патэнту, а таксама сыстэму авансавай уплаты самога падатка. Замест гэтага суб’екты малога прадпрымальніцтва будуць штомесяц уносіць падатак у бюджэт, сыходзячы з памера выручкі, атрыманай за месяц.

Прадугледжваецца таксама, што пры ўліку выручкі замест квартальнай разьбіўкі ўвядуць гадавую. Калі за год памер выручкі складзе менш за 160 тысяч эўра, суб’ект гаспадараньня можа перайсьці на спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня.

Цяпер суб’ектам малога прадпрымальніцтва лічыцца прадпрыемства, дзе колькасьць наёмных працаўнікоў не перавышае 15 чалавек, а выручка ў квартал складае меней за 5000 базавых велічынь, альбо 110 тысяч эўра. Цяпер плянка выручкі зьніжаецца ў некалькі разоў (160 тысяч эўра ў год), а колькасьць наёмных працаўнікоў, наадварот, павышаецца да 20 чалавек. Заўважым таксама, што працаваць па спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня змогуць ня толькі ўласна малыя прадпрыемствы, але й індывідуальныя прадпрымальнікі, якія юрыдычнымі асобамі не зьяўляюцца. Зрэшты, наўрад ці апошнія скарыстаюцца такой магчымасьцю. Ім выгодней пакуль плаціць фіксаваную стаўку, а што да колькасьці наёмных працаўнікоў, то згодна з чацьвертым дэкрэтам дробныя прадпрымальнікі ня могуць наймаць больш за чатыры чалавекі.

Праект дэкрэту, як заўсёды, шырока не абмяркоўваецца, і ўсе юрыдычныя нюансы, закладзеныя ў дакумэнт, стануць вядомыя хіба толькі пасьля яго падпісаньня. Варта адзначыць, што яшчэ летась Міністэрства эканомікі сумесна з шэрагам іншых ведамстваў рыхтавала не праект дэкрэту, а праект закону пра спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня суб’ектаў малога прадпрымальнітцва. У Беларусі гэта мае велізарнае значэньне. Праект закону абмяркоўваецца ў Палаце прадстаўнікоў і нават з улікам пэўнай заангажаванасьці дэпутатаў усё ж праходзіць лепшую юрыдычную экспэртызу, чым праекты ўказаў ці дэкрэтаў. А дэкрэты распрацоўваюць усяго некалькі юрыстаў з пэўнага ведамства, абмяркоўвае іх вузкае кола чыноўнікаў, якія часта лабіююць пэўныя інтарэсы. Дэкрэт хутка прымаецца і цяжка адмяняецца. Таму прадпрымальнікам ня варта зьдзіўляцца, калі ў найбліжэйшы час зьявіцца новы спрэчны нарматыўны акт.

Да таго ж норма, згодна зь якой памер дапушчальнай штогадовай выручкі для суб’ектаў малога бізнэсу зьніжаецца, падштурхне беларускіх прадпрымальнікаў, якія захочуць працаваць па спрошчанай сыстэме падаткаабкладаньня, хаваць рэальныя аб’ёмы выручкі. І гэта таксама не ў інтарэсах дзяржавы. Як неаднаразова заяўлялі адмыслоўцы беларускага Саюзу прадпрымальнікаў, для бізнэсоўцаў варта наагул на колькі гадоў усталяваць падаткавыя вакацыі, каб тыя папросту набраліся моцы. Падобныя захады далі б лепшы плён, чым любая спрошчаная сыстэма падаткаабкладаньня.