ЦІ МОЖНА СПЫНІЦЬ РОСТ ТАРЫФАЎ НА ЖЫЛЬЛЁВА-КАМУНАЛЬНЫЯ ПАСЛУГІ?

Ганна Соусь, Менск

Аляксандар Лукашэнка нядаўна публічна паабяцаў, што тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі сёлета павялічвацца болей ня будуць. З восені мінулага году тарыфы падвысіліся ў 3–4 разы. Прыкладам, у Віцебску кожны пяты наймальнік нясвоечасова плаціць за кватэру. У Менску затрымкі плацяжоў складаюць каля 15%. Пры гэтым насельніцтва ў ацяпляльны сэзон кампэнсуе толькі 61% ад рэальнага кошту жыльля, а ўлетку — 55%.

Ці рэальна спыніць рост тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі паводле загаду кіраўніка дзяржавы? Гаворыць міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандар Мількота:

(Мількота: ) “У Законе аб бюджэце запісана, што насельніцтва павінна аплачваць 50%. Тое, што цяпер 61%, гэта ня сьведчыць пра тое, што да канца году будзе столькі ж, таму што энэргарэсурсы ўвесь час даражэюць. Павялічвацца тарыфы для насельніцтва ня будуць, але доля аплаты сабекошту паслугаў будзе зьніжацца. І пры канцы году яна складзе дзесьці 40%, і ў сярэднім будзе 50%. Калі прэзыдэнт адказваў на гэтае пытаньне, ён сказаў, што тарыфы павялічвацца ня будуць, а будуць прынятыя меры дзеля падвышэньня росту прыбыткаў насельніцтва”.

Рашэньне “замарозіць” рост тарыфаў ёсьць папулісцкім крокам — гэтак лічыць экспэрт аналітычнага цэнтру “Стратэгія “ Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Сёньня, калі сакавік на двары, гэта можна абяцаць. На сёньняшні дзень трэба зьніжаць жыльлёва-камунальныя тарыфы, а не павялічваць. Да кастрычніка можна спакойна на гэтай абяцанцы праводзіць нейкую эканамічную палітыку”.

Яраслаў Раманчук лічыць, што гэта выключна палітычная заява Лукашэнкі, разьлічаная на тое, што тарыфы на лета і восень павялічвацца ня будуць, а вось сытуацыя з наступным ацяпляльным сэзонам ізноў можа прынесьці людзям чарговае падвышэньне тарыфаў.

Многія людзі ня здольныя сваечасова заплаціць за кватэру. Да неплацельшчыкаў улады прымаюць даволі жорсткія меры — ад адключэньня вады, цяпла й сьвятла да перасяленьня ў горшыя кватэры. На прапанову Радыё Свабода назваць лічбы — колькі беларускіх сем’яў пацярпелі такім чынам у гэты ацяпляльны сэзон, міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі адказаў:

(Мількота: ) “Летась у Беларусі было сем выпадкаў высяленьня. Як правіла, гэта настолькі занядбаныя людзі, што іх адтуль трэба высяліць, каб астатнія людзі маглі жыць нармальна. Трэба з разуменьнем ставіцца да гэтага. Некаму заробак нясвоечасова плацяць ці яшчэ што. Мы ніякіх драконаўскіх мераў ужываць ня будзем. А там, дзе ня плацяць за электраэнэргію, дык прыйдуць і адключаць. І гэта, ведаеце, уражвае”.

Цікавым быў адказ міністра на пытаньне аднаго з журналістаў: чаму высокія дзяржаўныя чыноўнікі, якія жывуць у Драздах, аплачваюць толькі 50% усіх камунальных плацяжоў.

(Мількота: ) “Тое, што тычыца Драздоў, там Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ўдзелу не бярэ. Гэта адмысловы аб’ект, асаблівае жыльлё. Мы яго не абслугоўваем”.