Паводле папярэдніх ацэнак місіі Міжнароднага валютнага фонду, нягледзячы на афіцыйныя зьвесткі пра эканамічнае разьвіцьцё Беларусі й леташні рост валавага ўнутранага прадукту на 4,7%, якія падаюцца ўстойлівымі, запасы гатовае прадукцыі на складах і падаткавая запазычанасьць прадпрыемстваў істотна падвысіліся.
Беларуская інфляцыя, хаця й зьменшылася ў параўнаньні з папярэднімі гадамі, застаецца самай высокай сярод краінаў былога Савецкага Саюзу, – адзначыў на выніковай прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік місіі фонду Томас Рычардсан. Ён дадаў, што ў бягучым годзе місія МВФ рэкамэндавала беларускім уладам не скарачаць непрапарцыйна сацыяльныя выдаткі. Замест гэтага фонд прапануе афіцыйнаму Менску ліквідаваць інфляцыйнае фінансаваньне жыльлёвага будаўніцтва й скарачаць неэфэктыўную падтрымку сельскае гаспадаркі й прамысловасьці.
Місія падкрэсьліла й неабходнасьць тэрмінова паскорыць макраэканамічную стабілізацыю ды адпаведныя рэформы ў зьвязку з намерам уладаў жорстка зафіксаваць курс беларускага рубля адносна расейскага зь 1 студзеня 2004 году.
Спадар Рычардсан дадаў, што абмяркоўваў пытаньне ўвядзеньня ў Беларусі расейскага рубля падчас сустрэчаў з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску. Таму я задаў кіраўніку місіі МВФ пытаньне, як ён ставіцца да праблемы адзінага эмісійнага цэнтру супольнай валюты Беларусі й Расеі. Вось які адказ даў Томас Рычардсан:
(Рычардсан: ) "Стварэньне супольнай валюты ці валютнага саюзу – гэта ў значнай ступені палітычнае рашэньне. Паколькі МВФ ёсьць збольшага тэхнічным, эканамічным інстытутам, мы б не выказвалі сваіх поглядаў, добрая гэтая ідэя ці не. Што мы паспрабуем, дык гэта дапамагаць уладам, і мы будзем дапамагаць уладам зразумець, як дзейнічалі валютныя саюзы, што працавалі ў мінулым, і пазьбегнуць памылак тых саюзаў, што не спрацавалі. Ёсьць прыклады, калі былі шматлікія крыніцы ліквіднасьці ў зоне супольнае валюты, і я думаю ў прыватнасьці пра Югаславію перад яе распадам. Гэта можа прывесьці ці ўжо прывяло ў некаторых выпадках да каляпсу фінансавае сыстэмы”.
Канчаткова вынікі працы місіі МВФ у Менску будуць рэпрэзэнтаваныя выканаўчай радзе дырэктараў фонду ў сярэдзіне красавіка. Аднак Томас Рычардсан зазначыў, што пра выдачу крэдытаў Беларусі гаворкі ўжо некалькі гадоў проста няма. Першая ды апошняя частка ўзгодненага крэдыту "стэнд-бай" была пералічаная Менску ў 1995 годзе. Міжнародны валютны фонд з тых часоў аказвае Беларусі толькі тэхнічную дапамогу, безь фінансвай падтрымкі.