РАСЕЙСКІЯ ПАСТАЎЦЫ ГАЗУ ПАТРАБУЮЦЬ АД БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ ПЕРАДАПЛАТУ ЗА ЭНЭРГАРЭСУРСЫ

Ігар Карней, Менск

На пачатку лютага зьнешняя запазычанасьць Беларусі за энэргарэсурсы, імпартаваныя з Расеі, склала 226 мільёнаў даляраў. Такім чынам, ад моманту лістападаўскай газавай блякады “Газпрамам” беларускіх спажыўцоў беларускім бокам аплачана меней за 60 мільёнаў даляраў ранейшых даўгоў. Менавіта гэтая акалічнасьць прымусіла сталых пастаўцоў (у першую чаргу гэта тычыцца “Газпраму” і “Ітэры”) унесьці больш жорсткія патрабаваньні ва ўмовы кантрактаў.

У прыватнасьці, кіраўніцтва “Газпраму” катэгарычна адмаўляецца ад беларускага бартэру і, паводле лютаўскіх разьлікаў, будзе патрабаваць толькі грашовыя пераводы. “Ітэра”, у сваю чаргу, абвесьціла, што ад сакавіка запатрабуе папярэднюю аплату — прыкладна 30-адсоткавы аванс. А разам усе пастаўцы ўжо абвесьцілі пра немагчымасьць адтэрміноўкі плацяжоў, як гэта было раней.

Чаму стала магчымай падобная сытуацыя? — аналізуе эканаміст Тацьцяна Манёнак.

(Манёнак: ) “Паміж Расеяй і Беларусьсю існуе адзіны балянс энэргетычных рэсурсаў. Там указана, колькі мы будзем прыблізна атрымліваць нафты, газу і г.д. А потым паміж расейскім урадам і “Белтрансгазам” падпісваюцца ўмовы паставак. Апошнім разам было канкрэтызавана: мы павінныя на 100% аплаціць бягучыя пастаўкі і кампэнсаваць 130 мільёнаў даляраў за мінулыя гады. А вось тут якраз не прадугледжаныя ўмовы і формы аплаты”.

Такім чынам, расейскія пастаўцы фактычна ў любы момант могуць карэктаваць умовы газавых паставак у Беларусь. Спадарыня Манёнак кажа, што падобных навінаў будзе яшчэ больш, паколькі суб’екты гаспадараньня ў Расеі самі перажываюць не найлепшы час.

(Манёнак: ) “У “Ітэры” склалася вельмі цяжкае становішча пасьля таго, як “Газпрам” адлучыў яе ад паставак газу ў краіны СНД (апроч пакуль Беларусі). Паколькі яны не імпартуюць, як “Газпрам”, прыродны газ, каб пакрываць свае страты, то такая пазыцыя да беларускіх спажыўцоў цалкам абумоўленая. Да таго ж, паводле перадаплаты ўсё больш суб’ектаў гаспадараньня працуе ў Расеі, а значыць, дайшла чарга і да нас. Натуральна, што гэта адаб’ецца на агульным становішчы, прычым, адаб’ецца даволі сур’ёзна.

Трэба памятаць, што тычыцца гэта ня толькі газу; зараз у прадпрыемстваў вялізныя запазычанасьці за электраэнэргію. Ніхто не чакаў, што так адбудзецца: ведаючы пра спагнаньні, пра дзяржаўны кнут, многія прадпрыемствы імкнуліся аплачваць перш за ўсё бягучыя пастаўкі газу. А электраэнэргія не аплачвалася”.

Эканамісты сьцьвярджаюць: калі расейскія пастаўцы насамрэч стрымаюць свае абяцацньні і паставяць беларускія ўлады перад фактам жорсткіх умоваў разьлікаў за энэргарэсурсы, пазьбегнуць паўтарэньня мінулагодніх канфліктаў палітычнаму кіраўніцтву абедзьвюх краінаў наўрад ці ўдасца.