Акрамя прагнозаў разьвіцьця Беларусі на пяцігодкі, якія зацьвярджаюцца на гэтак званых Усебеларускіх сходах, ствараюцца таксама штогадовыя прагнозы. Ніводзін зь іх за апошнія гады цалкам выкананы ня быў. І сёньня на паседжаньні Савету Міністраў у дакладзе віцэ-прэм’ера Сяргея Сідорскага было пацьверджана, што амаль палова прагнозных паказьнікаў нявыкананыя.
Прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Іван Знаткевіч распавёў:
(Знаткевіч: ) “У мінулым годзе з 16 даведзеных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця выканана 9. Зь іх асноўныя выкананыя, аднак ёсьць яшчэ шмат напрамкаў, на якіх належыць працаваць, і прэм’ер засяродзіў увагу прысутных міністраў на тым, што многія зь іх спазьняюцца з прыняцьцем кіраўніцкіх рашэньняў. Плянуецца, што канчаткова вынікі году будуць разгледжаныя ў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 11 лютага”.
На сёньняшнім паседжаньні адзначалася, што прагноз не супаў з рэчаіснасьцю перадусім у сфэрах, зьвязаных з сельскай гаспадаркай. А да выкананых парамэтраў урад адносіць, напрыклад, рост валавага ўнутранага прадукту (амаль на 5 адсоткаў) і павелічэньне рэальных грашовых даходаў насельніцтва. Аднак незалежныя эканамісты падкрэсьліваюць, што шмат якія прадпрыемствы працуюць на склад і сваю прадукцыю прадаць ня могуць, а жыхары Беларусі, нягледзячы на статыстыку, шмат чаго ня могуць купіць, бо іхныя даходы насамрэч не растуць, а зьмяншаюцца. Гаворыць эканаміст Міхал Залескі:
(Залескі: ) “Атрымліваецца, што парамэтры прызначаюцца самі па сабе, а жыцьцё йдзе само па сабе, і не заўсёды выконваюцца яны. Самае галоўнае, дзе правалы бываюць – гэта па інвэстыцыях.
Як заўсёды, выдатна ў нас расьце валавы ўнутраны прадукт. Але трэба ўлічваць саму працэдуру разьліку гэтага паказчыку: зьмяншэньне адмоўнага сальда замежнага гандлю павялічвае паказчыкі па валавым унутраным прадукце. Зьмяншаецца імпарт – і паляпшаюцца паказчыкі.
З другога боку, заўсёды радуюць насельніцтва ростам яго жыцьцёвага ўзроўню. Але калі мы паглядзім на рэальны таваразварот – колькі людзі купляюць тонаў, штукаў, мэтраў розных рэчаў і колькі людзі бяруць платных паслугаў, дык акажацца, што ня так ужо моцна гэты ўзровень і расьце. Насамрэч ідуць апэрацыі зь нейкімі фікцыямі”.