Акцыянуючы бровар, ягонае кіраўніцтва ведала, што за гучнай замежнай назвай стаіць не амэрыканскі капітал, а расейская марка ПІТ — “Піваварні Івана Таранава” з прапіскай у Калінінградзе. Але канчатковае рашэньне на прыцягненьне замежнага капіталу прымалася не ў Бабруйску, а ў Магілёўскім аблвыканкаме.
І толькі пасьля таго, як дамова паміж бакамі была падпісаная, юрысты знайшлі шэраг сур’ёзных нюансаў, якія не дазвалялі акцыянаваць стратны завод. Найперш, завод меў вялікія запазычанасьці ў пагашэньні крэдытаў “Белаграпрамбанку”. Яшчэ на пачатку верасьня, напярэдадні разрэклямаванага акцыянаваньня, завод атрымаў 14 выканаўчых лістоў на 819 мільёнаў рублёў і 476 тысяч даляраў.
Як вынік, паводле рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суду, быў накладзены арышт практычна на ўсё абсталяваньне, і днямі яе мусяць выставіць на продаж. Цікава, што менавіта гэтае абсталяваньне павіннае было скласьці статутны фонд зь беларускага боку. А апошні сход акцыянэраў ухваліў рашэньне перадаць будынак заводакіраваньня ў распараджэньне прадстаўніцтва кампаніі ПІТ. Гэтак завод пазбаўляецца значнай часткі сваёй маёмасьці, якая ёсьць асновай для вытворчасьці — а значыць, ня зможа працаваць як самастойная юрыдычная асоба, а толькі ад імя новай арганізацыі.
На думку юрыста Зьмітра Глушчанкі, ўлады вобласьці неправамоцна далі дазвол на рэгістрацыю сумеснага прадпрыемства, паколькі суб’ект гаспадараньня з такімі даўгамі, паводле закону “Аб рэгістрацыі”, ня можа быць саўдзельнікам супольнага праекту. І вось ужо расейскі бок, які плянуе мець 76% акцыяў, патрабуе стварэньня новага прадпрыемства. Прычыну гэтага тлумачыць Зьміцер Глушчанка:
(Глушчанка: ) “Новае прадпрыемства не нясе ніякай адказнасьці за сваіх удзельнікаў ні перад бюджэтам, ні перад супрацоўнікамі. А старое (піваварны завод “Дзеднава”) ня будзе мець ні вытворчасьці, ні прыбытку, а таму ніяк ня здолее выплаціць запазычанасьці казьне і людзям”.
(Карэспандэнт: ) “Атрымліваецца, што інвэстару зручна выкарыстоўваць такія заводы-банкруты дзеля сумесных праектаў?”
(Глушчанка: ) “Так. Ён атрымлівае ліквідную маёмасьць, абсталяваньне, і за гэта ня трэба плаціць грошы. Яму не пераходзяць запазычанасьці, а, стварыўшы новую вытворчасьць і маючы бальшыню ў статутным фондзе новага прадпрыемства, любыя рашэньні будуць прымацца ім аднаасобна”.
Аляксандар Півавар — галоўны дыстрыбутэр прадукцыі пад маркай “Дзеднава” — лічыць, што адбылася сумнеўная ўгода паміж магілёўскімі абласнымі ўладамі і расейскімі прадпрымальньнікамі.
(Півавар: ) “Завод стаіць ужо месяц, прычым незразумела, хто даў каманду спыніць вытворчасьць. Дырэктара, мякка кажучы, папрасілі ў адпачынак: ён раптам стаў ворагам інвэстыцыяў і праціўнікам рынкавых рэформаў. А насамрэч меў сьмеласьць задаваць пытаньні: ці так усё законна і чые найперш інтарэсы пры гэтай прыватызацыі ўлічваюцца?
Чаму была скасаваная рынкавая ацэнка прадпрыемства, а ўсё ацанілі паводле балянсавага кошту? Таксама не была абвешчаная плянаваная адкрытая падпіска на акцыі ў памеры ўсёй запазычанасьці заводу, каб разьлічыцца ня толькі з банкам і бюджэтам, але і іншымі крэдыторамі”.
Дырэктар бровару Сяргей Сьвірко перакананы, што расейскі інвэстар дамагаецца поўнага банкруцтва “Дзеднава”, каб стаць адзіным і паўнамоцным гаспадаром на бабруйскім прадпрыемстве.