Нагадаем, што 17 ліпеня Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі скасаваў рэгістрацыю гэтай кампаніі, што валодала гэтымі трубапровадамі. Расейскі бок назваў гэта крокам да нацыяналізацыі расейскай маёмасьці ў Беларусі, МЗС Расеі абвінаваціў беларускі бок у парушэньні Бішкецкіх пагадненьняў 1992 году, паводле якіх краіны СНД прызналі права ўласнасьці Расеі на нафтапрадуктаправоды, што праходзяць па іх тэрыторыі.
Учора Міністэрства эканомікі Беларусі выступіла з заяваю, у якой адзначалася, што рэгістрацыя “Запад-Транснефтепродукта” не адпавядала Бішкецкім пагадненьням і заканадаўству Беларусі. У заяве Мінэканомікі было падкрэсьлена, што паводле тэксту Бішкецкіх пагадненьняў беларускі і расейскі бакі мусілі падпісаць пратакол аб праўным статусе нафтапрадуктаправодаў. Але такі пратакол адносна Мазырскай управы магістральных трубаправодаў, якая і ёсьць прадметам спрэчкі, ня быў падпісаны – адзначала Мінэканомікі. Сёньня гэтыя аргумэнты міністэрства эканомікі паўтарыў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка.
Такім чынам, канфлікт са спрэчкі паміж суб’ектамі гаспадараньня і ведамстваў дзьвюх краінаў перайшоў на міжджзяржаўны ўзровень.