Пытаньні прававога статусу разьмешчаных на тэрыторыі Беларусі расейскіх аб’ектаў рэгулююцца адмысловымі дамоўленасьцямі паміж дзяржавамі, якія выйшлі са складу СССР. Зыходзячы з гэтага, права ўласнасьці на аб’екты магістральнага нафтапрадуктаправоду “Самара–Заходні кірунак” належыць Расеі.
Аднак, паводле некаторых паведамленьняў, працэс перагляду статусу гэтага ўчастку паводле хадайніцтва Міністэрства эканомікі Беларусі быў распачаты яшчэ ў 1998 годзе. Ад тае пары спробы пазбавіць Расею маёмасьці назіраліся неаднаразова.
Год таму Гомельскі абласны гаспадарчы суд прызнаў беспадстаўнымі спробы мясцовых уладаў скасаваць дзяржаўную рэгістрацыю кампаніі “Транснафтапрадукт”.
Аналітыкі канстатуюць, што новая хваля прэтэнзіяў на валоданьне расейскай маёмасьцю выкліканая агульным канфліктам на беларуска-расейскім напрамку. Вось, у прыватнасьці меркаваньне намесьніка рэдактара газэты “Belarus Today” Рамана Якаўлеўскага, які шмат год аналізуе пытаньні беларуска-расейскага супрацоўніцтва ў нафтагазавым комплексе:
(Якаўлеўскі: ) “Апошняе пытаньне Пуціна да Лукашэнкі такое: як будзем жыць надалей — як Эўразьвяз ці як Савецкі Саюз? Таму некаторыя расцэньваюць спробы фактычнай нацыяналізацыі расейскай уласнасьці як адказ на пытаньне Пуціна.
Ні пра якую незалежнасьць судовай сыстэмы гаворка ня йдзе. Апошняе рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду — выкананьне ўстановак Лукашэнкі, які кіруе ў Беларусі аднаасобна і асабіста прызначае судзьдзяў на ўсіх узроўнях. Некаторыя экспэрты пачалі казаць — маўляў, хтосьці жадае пасварыць Лукашэнку з нафтавымі расейскімі кампаніямі, зь якімі вядуцца перамовы наконт удзелу ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Адназначна: гэты “хтосьці” і ёсьць сам Лукашэнка”.
Апошнія захады беларускага боку выклікалі шырокі розгалас у Расеі. Амаль усе ўплывовыя расейскія выданьні прысьвяцілі гэтай падзеі вялікія аналітычныя артыкулы. Высновы ж падобныя: беларуска-расейскія дачыненьні трапілі ў паласу глыбокага палітычнага крызысу. Аднак пра тое, як будуць разгортвацца падзеі на акрэсьленым кірунку, у расейскім МЗС (адрозна ад учорашняга дня) сёньня кажуць асьцярожна:
(Прадстаўнік расейскага МЗС: ) “Наўрад ці зараз хто можа сказаць, як гісторыя будзе разьвівацца. На нашым сайце ёсьць адказ афіцыйнага прадстаўніка міністэрства наконт разьвіцьця сытуацыі вакол “Захад–Транснафтапрадукту”. Мы палічылі неабходным адказаць такім чынам. А далей пачакаем. Пакуль няма чаго дадаць да таго, што сказаў учора прадстаўнік МЗС”.
Бадай, упершыню заявы афіцыйнага Менску пра фактычную нацыяналізацыю замежнай уласнасьці выклікалі публічны дэмарш з боку МЗС Расейскай Фэдэрацыі.
Афіцыйны прадстаўнік расейскага МЗС Аляксандар Якавенка назваў дзеяньні беларускага боку незаконнымі, бо яны наўпрост парушаюць бішкецкія дамовы ад 1992 году, якія ў сваю чаргу рэглямэнтуюць існаваньне расейскай уласнасьці на замежных тэрыторыях. Аналягічная расейская ўласнасьць існуе ў некаторых іншых краінах СНД, але нідзе падобнага канфлікту дагэтуль не ўзьнікала.
Раман Якаўлеўскі лічыць, што аднымі дыпляматычнымі заявамі гэты канфлікт ня вырашыцца:
(Якаўлеўскі: ) “Скандал будзе разрастацца. Як чакалася, пытаньне магло неяк вырашыцца на быццам бы заплянаванай сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі 25 ліпеня ў Маскве. Але беларускі бок у асобе прэсавага сакратара Лукашэнкі абвесьціў, што ніякай сустрэчы ня будзе. Адсюль можна зрабіць выснову: альбо Лукашэнка баіцца ехаць у Маскву, альбо ехаць няма з чым...
Галаўны боль для Крамлю толькі ўзмацняецца. Ужо ў наступным годзе пачынаецца перадвыбарчая кампанія ў Думу, не за гарамі прэзыдэнцкая. З такім галаўным болем Пуціну надзвычай нявыгадна ўступаць у перадвыбарчы пэрыяд у сваёй краіне. Таму ўжо сёлета будуць спробы з боку Крамлю гэты боль зьняць”.
Тым часам расейскі бок падкрэсьлівае, што нядаўняе рашэньне Вышэйшага гаспадарчагу суду Беларусі можа прывесьці да спыненьня расейскага прадпрыемства, а гэта наўпрост адаб’ецца на далейшых дачыненьнях дзьвюх краінаў.