НА ШЭРАГУ ГОМЕЛЬСКІХ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ РАБОЧЫЯ НЯ МАЮЦЬ ПРАЦЫ

Казімер Яноўскі, Гомель

Дырэктар заводу “Крышталь” Аляксандр Старавойтаў распавёў, што ягоная адміністрацыя спрабавала нават дамовіцца з расейскімі прадпрыемствамі на часовае працаўладкаваньне высокакваліфікаваных апрацоўшчыкаў прыродных алмазаў.

(Старавойтаў: ) “Каб людзі нашыя ня страцілі кваліфікацыю, кармілі свае сем'і, мы спрабавалі арганізавана ад імя заводу вахтавым мэтадам вазіць людзей у Расею. Аднак расейскія алмазаапрацоўчыя прадпрыемствы такую прапанову не прынялі. Шмат рабочых самастойна зьехалі ў тую ж Расею, іншыя краіны, дзе алмазаапрацоўка не заняпала, і атрымліваюць там сур'ёзны заробак. Астатнія вымушаныя ў горадзе шукаць пабочны занятак, альбо сядзець без заробку. Мы ня ведаем нават, дзе яны знаходзяцца”.

Цяжкае становішча “Крышталю”, што закранула каля 1400 рабочых, зьвязанае з абмежаваньнямі Расеі на ўвоз у Беларусь прыродных алмазаў. Расейскія Дзярждума і Савет Фэдэрацыі не ратыфікавалі дагэтуль леташняе травеньскае міжурадавае пагадненьне пра пастаўку гамельчукам алмазаў.

У вымушаным адпачынаку знаходзіцца зараз калектыў тлушчакамбінату. На камбінаце засталася толькі рамонтная служба. Фінансавае становішча прадпрыемства не дазваляе купіць алей для вытворчасьці маянэзу, мыла. Прадстаўнікі адміністрацыі Навабеліцкага раёну і гарвыканкаму абіваюць парогі Саўміну з тым, каб на ўрадавым узроўні была прынятая пастанова пра падатковыя льготы тлушчакамбінату.

Тым часам крамы і рынкі Гомеля запаланяе расейская ды ўкраінская прадукцыя.

Пакуль тры дні на тыдзень працуе ў Навабеліцкім раёне і завод хімічнага мелу.

Мэблевае аб'яднаньне “Гомельдрэў” хаця і не спыняла вытворчасьць, але сутыкнулася з сур'ёзнай праблемай рэалізацыі сваёй прадукцыі. З прычыны высокага кошту мэбля стала не канкурэнтаздольнай на расейскім рынку, на які апошнія гады арыентавалася аб'яднаньне. Скарочаны нават выпуск запалак, бо рэалізацыя іх прыносіць аб'яднаньню толькі страты.