Ініцыятыва акцыі пратэсту належыць Страйкаваму камітэту прыватных прадпрымальнікаў. Паводле інфармацыі Страйкаму, цяперашні пратэст гандляроў выкліканы намерам уладаў увесьці для іх больш жорсткі падатковы рэжым.
А менавіта: падрыхтавалі праект Дэкрэту аб адзіным падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэты дакумэнт мяркуе на 30% падвысіць для гандляроў падатковыя выплаты. Чыноўнікі вырашылі менавіта ў прадпрымальнікаў знайсьці дадатковыя грошы ў бюджэт.
Некалькі месяцаў таму ўлады разьлічвалі напоўніць бюджэт коштам мыта на тавары “трэціх” краінаў, якія ўвозяцца у Беларусь з тэрыторыі Расеі. Аднак мытная навіна выклікала моцны пратэст з боку гандляроў.
Летась і сёлета ў студзені прадпрымальнікі краіны правялі шэраг акцыяў з мэтай скасаваньня гэтай навіны. Пратэст пачулі, аднак улады вырашылі іншым шляхам дасягнуць сваёй мэты. Так нарадзіўся праект Дэкрэту аб павялічаным падатку з прыватных прадпрымальнікаў.
Супраць ягонага ўвядзеньня Страйкам на чале з Валер'ем Леванеўскім прызначыў на 28 лютага новы агульнабеларускі страйк. У гэтай ініцыятывы ёсьць прыхільнікі.
Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё лідэр гарадзенскай суполкі незарэгістраванага Беларускага прафсаюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў:
(Васільеў: ) "Настрой нармалёвы, будзем страйкаваць. Напрыклад, мяркуюць спыніць працу ў Горадні два найвялікшых рынкі. Гэта 3500 чалавек. Што да дробных рынкаў, то ці будуць яны браць удзел — пакуль невядома.
Я таксама маю зьвесткі, што заўтрашнюю акцыю маюць намер падтрымаць прадпрымальнікі Ліды, Слоніму, Мастоў ды іншых раёнаў нашай вобласьці. Мы бяднеем, але ўлады нашым коштам імкнуцца вырашыць свае праблемы".
Меркаваная акцыя пратэсту наўрад ці будзе мець агульнабеларускі характар. У Менску, напрыклад, ад удзелу ў ёй, паводле сёньняшніх зьвестак, вырашылі адмовіцца гандляры рынкаў "Заходні", "Маскоўскі", "Стадыён "Трактар", "Аквабэл". Няма адзінства ў прадпрымальніцкіх шэрагах і ў рэгіёнах краіны.
Гаворыць лідэр Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Дзяржынску Валеры Сіманаў:
(Сіманаў: ) "Я меў размову з прадстаўнікамі Баранавічаў, Пінску, Гомеля — паўсюль мяркуюць, што страйкаваць няма сэнсу, таму што прадпрымальнікі заплацілі падаткі.
І яшчэ выкажу асабістую пазыцыю. Страйк, як вядома, абвесьціў Страйкам. Але ж у рэгіёнах уся праца ляжыць на плячох мясцовых лідэраў, зь якімі варта раіцца. Недапушчальна ігнараваць іхную пазыцыю. І таму я не падтрымліваю такія вось мерапрыемствы".