Прыватны дзёньнік: Тацяна Сьнітко

Тацяна Сьнітко, Юзуфова

15 траўня

Позна прыехалі з гораду. Выходжу з машыны і слупянею. Паветра!.. Глыток зялёнай гарбаты падаўся бы мне не такім смачным. Раніцай разумею: пачалі расьцьвітаць яблыні! Я чакала гэтага больш за год... Ці ўсё жыцьцё?

Шчасьце ёсьць! Месяц травень, менавіта травень трэба пражыць так, каб потым не было пакутліва шкада. Каб аднойчы ён не прайшоў, мінаючы нас. Гэты цуд болей не паўторыцца. Асабліва — другая яго палова.

Наведалі зь сяброўкаю лазьню. Памылі малых дзяцей, здалі на рукі старэйшым. Вярнулася дамоў чыстая, але непрыгожая, бо вельмі ружовая. Без ручніка і зь мігрэньню. Суседзкая бабуля, што прадае нам малако, пераблытала ў лазьні нейкія шампуні, і дэманструе мне — мо апазнаю свой.

Згадалася пра ўчорашнюю гадавіну першага травеньскага рэфэрэндуму. Звычайна гэта лыжка дзёгцю ў травеньскіх радасьцях. Але, як той казаў, не цяпер, о не, не цяпер!..


16 траўня

Глядзелі з дачкой Эўрабачаньне. Пры першых гуках кампазыцыі ўкраінцаў я сказала: “Гэта пераможцы. Далей можна не глядзець”. З Русланай мы не пасьпелі пазнаёміцца ў Кіеве, але ў маладосьці ў нас былі там адны і тыя сябры. Авантурысты і экстрэмісты, як я. Гэта выдатныя якасьці. Менавіта яны вывялі Ўкраіну да перамогі. А як крыўдна было за нашых! Спачатку... Можа, гэта Лукашэнку ўпякло, што Натальлі Падольскай ейны гіт напісаў немец? Не беларус са Шклова, а зямляк Віка!.. Дарэчы, у немцаў галасаваньне абвяшчаў Томас Андэрс, у беларусаў начальства даручыла гэта нейкаму Дзянісу... “Вельмі добра гаворыць па-ангельску”, — сказаў вядучы Алесь Круглякоў. Які сам гаворыць па-ангельску ня горш... Беларусь мае сёньня адну тэлезорку — свайго кіраўніка, і дзіўна, што Рыгоравіч сам, на пашыранай трасянцы, не абвесьціў Эўропе балаў.

Мая вясёлая сямейка заказала на вячэру плоў, умалола па некалькі талерак і скардзіцца, што мала. Чаму ім заўсёды мала менавіта плову — для мяне загадка. Трэба запытаць у бацькі, як правільна гучыць нярускае імя аднаго ягонага дзеда. Слухаючы дамачадцаў, падазраю, што бабця была ўзбэчкаю. Яшчэ яна была сваячкаю... пракуратара Юдэі. Магчыма. Прынамсі, нябожчыца бабуля зь Пілатам — аднафамільцы. Чытаючы першы раз Булгакава ў школе, я прыбегла да маці з пытаньнямі. Маці параіла задаць іх бацьку, а ён — “не займацца дур’ю”. Але цяпер травень, і “дур” мне падабаецца.


17 траўня

Няма шчасьця на сьвеце! Сад квітнее, але дзеці час ад часу рэагуюць на гэта праявамі алергіі. Не, усё-ткі мне ў жыцьці не шанцуе...

Сабакі патрабуюць вечаровай прагулянкі. Але трасцы ім — на чорта было скакаць па градзе з салатай? Мае сабакі з катамі пастаянна ламаюць вазоны, вынесеныя на сонейка ў двор, падкопваюцца пад ружы, а за танцы на маленькіх гладыёлюсах я гатовая іх пазабіваць! Лепей вынясу сабакам чаго смачненькага.

Бабкі за плотам гавораць пра забытыя ў лазьні мачалкі. Вось, блін, які інфармацыйны повад!

Затое вечарам, пасьля адзінаццаці, прачынаюцца салаўі. Да водару кветак далучаюцца пералівы птушак. Людзей, якія ніколі не адчувалі, што такое травеньскі салаўіны сад, шкадую.


18 траўня

Іду да калёнкі, сустракаю Кольку Лася. Ці проста Ласька. Файны хлапец. Але п’е гарэлку, як я каву. Дабрэйшай душы чалавек. Нават алькаголікі тут іншыя. Гэтай зімою Ласёк закапаў у сьнег бутэльку самагонкі. Прычым чамусьці ля нашай брамы. І згубіў тое месца. Шукальнікі “скарбу” марна варочалі сьнег каля нас усю зіму. А вясной, наводзячы парадак у дварэ, мы наткнуліся на “вогненную ваду”, палова якой вылілася праз папяровы корак. Вярнулі ўладальніку. Ён быў шчасьлівы.

Шчасьце ня ў тым, каб мары збываліся, а ў тым, каб мы заўважалі гэта. Ды яшчэ каб асэнсоўвалі. І пры гэтым не расчараваліся. А калі шчасьце раптоўнае і ты пра яго не пасьпяваеш нават падумаць? Прааналізаваць? Што трэба тады? Ня выключана — проста цуд. Гэта калі нешта ў прыродзе правільна супадае, а потым яшчэ своечасова знаходзіцца.


19 траўня

Суседка знайшла ў лазьні мой ручнік, але не знайшла свайго шампуню. Тэма забытых рэчаў усё яшчэ дыскутуецца жыхарамі вуліцы. Калі бы выходзіла якая “Юзуфоўская праўда”, мачалкі ўсё яшчэ былі б тэмай нумару...

Узыходзяць усё новыя і новыя гладыёлюсы! Я саджаю іх другі год. Першага году хапіла, каб у іх закахацца. У дзяцінстве я гэтак сама закахалася ў сінія касачы — гэта ірысы. Мая дачка зьдзіўляецца, што ня ўмеючы нават чытаць, я прыдумала тады песьню пра тыя ірысы. І памятаю яе дагэтуль. Таму мы павінны ўважліва сачыць, што пяюць сабе пад нос нашы дзеці. Раптам таксама свае песьні?

Мая дачка нарадзілася ў адзін дзень з Жанай д’Арк, а я — чамусьці з Мапасанам... Я б з радасьцю памяняла яго на Жану. Але Жана травеньская не пайшла бы ваяваць так хутка. Яна слухала бы птушак, пакуль не разьюшыла б яе дэбільнасьць зьнешняй палітыкі. Вось тады...


20 траўня

Самы экзыстэнцыйны дзень году. Цікава, хто патэлефануе першы?.. Ня сьмейцеся, але па надвор’і ў гэты дзень я маю звычку... гадаць. Такога халоднага і ветранага, зьменлівага дня народзінаў я ня памятаю. Ну вось. Наступны гадок мае быць па-вар’яцку экспрэсіўным.

Ніхто і нішто ў сьвеце ня зможа мне сёньня сапсаваць настрою. У мінулым годзе я правяла свой дзень народзінаў адна. Я мыла вокны, вешала новыя фіранкі, спажываючы пры гэтым шампанскае з чакалядным тортам. Нарэзала ў садзе мо тры дзясяткі тульпанаў... І пляваць хацела на ўсё астатняе! І баюся я вось чаго. Крый Божа мільён разоў, але калі здарыцца які катаклізм 20 траўня... Скажам, на Беларусь упадзе агромністы мэтэарыт, ці пачнецца ядзерная вайна, ці Лукашэнка стане неўміручым... Я не заўважу гэтага! Я буду танчыць на руінах! “Які ж ён неадназначны, гэты дзень у гісторыі! — скажу я сабе, узьняўшы келіх шампанскага, гарбаты ці што там застанецца пасьля катаклізму. — Які ён складаны, гэты сьвет, на які ў гэты дзень прыйшла я!” Назаўтра ацалелае чалавецтва адрыне ад сябе эгаістку, што радавалася шкурнай даце на чужых касьцях. І тады сябраваць з чалавецтвам я перастану.

Самы містычны дзень для мяне. Народжаныя ў другой палове траўня — мая касьмічная радня. Вось Булгакаў з пракуратарам-“продкам”. Альбо сьпявачка Тамара Раеўская. Альбо Радыё Свабода на роднай мове… У нас агульны дзень народзінаў. І якраз сёньня “Свабода” ладзіць вечарыну памяці Васіля Быкава!

Некалі Ўладзімер Кармілкін перадаў мне ад Майстра асобнік ягонай “Сьцяны” з аўтографам. Я падарыла яе ў Кіеве адной тамтэйшай беларусцы. Аўтограф — гэта прыемна, хоць і важней — сама кніга. Што Быкаў можа калісьці памерці, я проста забылася. І цяпер мяне ўражвае міжвольнае наданьне жывому чалавеку боскае якасьці. Неўміручасьць... Неўміручасьць Быкава... Менавіта сёньня яна пацьвярджаецца. Беларуская мова з вуснаў амэрыканскага амбасадара Джорджа Крола прыводзіць у захапленьне ўжо самім фактам свайго гучаньня. Памятаю, як некалі на старонках “Нашай Нівы” загаварыць па-беларуску ўсім замежным дыпляматам прапанаваў мой прыяцель Зьміцер Бартосік. Тады гэта здавалася фантастыкай. Але — увасабляецца ў жыцьцё! Як файна гучыць наша роднае слова з вуснаў амбасадара Літвы…

Джорж Крол называе Быкава нацыянальным прарокам Беларусі. Тут пачынаецца дзіўны колазварот узаемных сувязяў розных рэчаў. Менавіта “Свабода” ў 1965 годзе выдала ў Мюнхэне аповесьць Быкава “Мёртвым не баліць”. Я шмат разоў перачытвала гэты твор. Павінна прызнацца, што ён мае для мяне асаблівае значэньне: пасьля кожнага яго перачытваньня я цудам пазьбягаю якой-небудзь небясьпекі. З-за колькасьці паўтарэньняў тое выглядае заканамерным ды містычным. Так і хочацца часам сказаць: а можа, гэта Быкаў са “Свабодай” некалькі разоў выратавалі мяне?

Вечарына захапляе мяне сваёй камэрнасьцю. Ня толькі Васіль Быкаў, але і жонка Песьняра, і ягоны сябра Барыс Кіт здаюцца не ў далёкай Нямеччыне, а зусім побач з намі. У дадатак да ўсяго сустракаю тут мноства знаёмых — мабыць, болей, чым за апошні год. Пагутарыць з большасьцю зь іх проста фізычна немагчыма. У наш са “Свабодай” агульны дзень народзінаў я працую. І працую — так супала! — менавіта на “Свабодзе”. Вось гэта супадзеньне няхай і стане для мяне падарункам!