11 красавіка. Нядзеля
Сёньня — Вялікдзень і па календары праваслаўнай канфэсіі, і па календары каталіцкай; сёньня ж і габрэйскі Вялікдзень. На кухонным стале — тварожная пасха. У душы — сьвяточная заспакоенасьць. Ясны дзень, ясныя думкі, згадваецца верш Янкі Купалы “Хрыстос васкрос!..”, ягоныя апошнія радкі:
Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа,
І я ў дзень гэты просьбу шлю:
Хай Беларусь, мая старонка,
Ўваскрэсьне к вольнаму жыцьцю!
Гэтая паэтычная просьба для мяне асабіста гучыць як аптымістычны, ці, кажучы па-купалаўску, як сьветлаглядны заклік! Беларусь абавязкова ўваскрэсьне, то бок, застанецца Беларусьсю, дзякуючы сваёй памяркоўнасьці. Памяркоўнасьць — гэта беларуская форма хрысьціянства! Гэта нацыянальна-выратоўны стыль паводзінаў, згодна якога ў Давыд-Гарадку кажуць:
І папа люблю,
І ксяндза люблю,
І рабіну, як папросіць,
Рыбкі налаўлю.
12 красавіка. Панядзелак
Сёньня ўсясьветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. Два гады я насіў блакітныя авіяцыйныя пагоны, два гады служыў у Саратаўскай вобласьці, непадалёку ад таго поля, на якое прызямліўся пасьля свайго касьмічнага палёту Юры Гагарын.
Мая літаратурная апякунка маскоўская пісьменьніца Лідзія Абухава напісала дакумэнтальную кнігу пра першага касманаўта, шмат мне пра яго расказвала; сярод іншага паведаміла і пра тое, што любімым вершам маленькага Юрася Гагарына быў знакаміты верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык”…
Гагарын, мусіць, адзіны савецкі герой, чыё геройства не падлягае сумненьню. Гагарына палюбілі імгненна, палюбіў увесь свет. Для мяне асабіста Юры Гагарын — гэта Моцарт прыгожай, вясёлай і неверагоднай мужнасці. Беларусам варта ганарыцца тым, што першы касманаўт свету чытаў і любіў Янку Купалу.
13 красавіка. Аўторак
Перачытваю “Круглянскі мост” Васіля Быкава… Не магу сказаць, што Быкаў мой любімы празаік, аднак жа прыкладна раз на год выбіраю вольны тыдзень, каб перачытаць той ці іншы ягоны твор. У прозе Быкава крытыкі бачаць уваскрашэньне традыцыяў Рэмарка і Камю і адзначаюць, што ён узбагаціў усясьветную літаратуру ўласна беларускім псыхалягізмам. У гэтым сапраўды галоўная асаблівасьць майстра, які пісаў на мове Янкі Купалы.
Ад славутых эўрапейскіх папярэднікаў Быкава адрозьнівае ня толькі мова, але і беларускае разуменьне чалавека, вайны і часу. Чалавек, паводле Быкава, заўсёды знаходзіцца ў напружаным дыялёгу са сьмерцю; яму ня варта нагадваць вядомую мудрасьць “памятай пра сьмерць”, бо ён народжаны з гэтай мудрасьцю; ён існуе ў сытуацыі непазьбежнага выбару: здрадзіць, каб жыць, ці памерці, каб ня здрадзіць!
Вайна, паводле Быкава, — неаднаўляльнае памяншэньне людзкасьці, а час — бясконцы стан, пры якім памятаецца толькі бяда…
Проза Быкава — уласнасьць Беларусі! Даводзіцца і гэтак сьцьвярджаць, бо нашыя суседзі часам вельмі дзіўна сябе паводзяць у дачыненьні да быкаўскай спадчыны. Вось гартаю хрэстаматыю для 11-й клясы сярэдняй школы “Русская литература ХХ века”, выдадзеную маскоўскім выдавецтвам “Просвещение” ў 1993 годзе. У яе чамусьці ўключанае і быкаўскае апавяданьне “Адна ноч”, і не пазначана, што гэта пераклад зь беларускай мовы. Нібыта апавяданьне было адразу створанае па-расейску! І ў кароткай біяграфічнай даведцы не сказана, што Васіль Быкаў — беларускі празаік. Словам, з ласкі складальнікаў гэтай хрэстаматыі школьнікі, скажам, Калускай ці Валагодзкай губэрні, пэўна ж, лічаць аўтара “Сотнікава” сваім, расейскім творцам.
А вось яшчэ… Летась маскоўскае выдавецтва “ЭКСМО” ў сэрыі “Красная книга русской прозы” (дарэчы, назва сэрыі даволі двухсэнсоўная, але гэта ўжо іншая тэма) выпусьціла том быкаўскіх аповесьцяў пад агульнай назвай “Дожить до рассвета”. І зноў жа нідзе — ні ва ўступным артыкуле, ні ў выходных зьвестках, ні ў анатацыі, ні на тытуле, ні ў зьмесьце — не сказана, што гэтыя аповесьці перакладзеныя на расейскую зь беларускай мовы і што іх аўтар — беларускі пісьменьнік. Як той казаў, дзякуй братам, што хоць імя Быкава пакінулі беларускім — Васіля не перарабілі ў Васілія…
14 красавіка. Серада
Сёньня хадзіў на цэнтральную аўтобусную, каб узяць на 17 красавіка білет у Давыд-Гарадок. Касірка сумна ўсміхнулася: “Білеты на 17-га ўжо прададзеныя!” Ня дзіва, што прададзеныя — у аўторак Радаўніца! “Можа, чым паможаце?” — з надзеяй гляджу на касірку. “Едзьце на прыватнай маршрутцы, але гэта на дзьве тысячы даражэй!” Няхай сабе й даражэй. Дзякуй Богу, што зьявілася яна — гэта выратоўная маршрутка!
У Давыд-Гарадку буду да 28-га. Пэўна, за гэтыя дзесяць дзён пад вокнамі маёй менскай кватэры даробяць бульвар з фантанам. Вось ужо які месяц доўжыцца шумная рэканструкцыя вуліцы Леніна. Так, вуліца, на якой жыву, пакуль яшчэ мае імя правадыра. Вядома, у новым часе разумныя людзі вернуць ёй сапраўднае імя — Францысканская. Яшчэ я пажыву на вуліцы Францысканскай!
15 красавіка. Чацьвер
Сёньня адбылося нечарговае паседжаньне рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, на якой абмяркоўвалася пісьмовае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі аб парушэннях патрабаваньняў Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаннях” і Статуту… Сярод іншага ў дакумэнце можна прачытаць, што пры ўваходзе ў памяшканьне Саюзу пісьменьнікаў маецца шыльда з выкарыстаньнем былога дзяржаўнага герба.
Словам, Мінюсту не спадабалася і “Пагоня”. Аднак жа праблема, мяркую, у іншым. Гэты дакумэнт — адказ дзяржавы на выключэньне з творчай арганізацыі паэта Паўла Вераб’ёва, які пачаў ствараць паралельную Саюзу пісьменьнікаў пісьменьніцкую структуру. Я не ўхваляю грамадзкай дзейнасьці спадара Вераб’ёва, аднак шкадую, што наша рада амаль аднагалосна прагаласавала за ягонае выключэньне. У выніку створаны новы віток міжпісьменьніцкай канфрантацыі.
16 красавіка. Пятніца
Сёньня ўвечары ў актавай залі Дому літаратара адбудзецца творчая вечарына Пятра Васючэнкі… Калі я думаю пра шляхетнасьць, розум і дасьціпнасьць, то адразу ж уяўляю сабе аўтара кнігі “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі”. Як гэта слаўна, што ў нас ёсьць пісьменьнік і навуковец Пятро Васючэнка!
Сёньня ўвечары 16 красавіка я пайду ў Дом літаратара, каб зноў пераканацца, што наша Беларусь і шляхетная, і разумная, і дасьціпная.