21 сакавіка. Нядзеля
Цяпер я беспрацоўны, і з гэтага ў мяне ўсе дні аднолькавыя. У тым сэнсе, што я працую кожны дзень, калі знаходзіцца праца. А калі працы няма, то кожны дзень сьвяткую. Сёньня тэрміновай працы аж занадта, і таму я ад раньня за пісьмовым сталом — рэдагую для аднаго акадэмічнага часопіса артыкул украінца Міколы Рабчука “Заходнікі міжволі”. Тэкст вялікі, пераклад не зусім прафэсійны, і скончу я сваё шчыраваньне адно глыбокай ноччу… А пасьля, разьвярэджаны думкамі аўтара, яшчэ доўга не змагу заснуць. Бо, нарэшце, канчаткова зразумею, што хаця ў нас з украінцамі блізкія мовы, агульная старажытнаруская, ВэКаэЛаўская і савецкая спадчына, але ў нечым самым істотным, анталягічным, мы чужыя адзін аднаму…
Верагодна, карані гэтага быццам парадоксу ў тым, што Русь, якая потым стане вялікай Расейскай імпэрыяй, была запачаткаваная ў цэнтры сучаснай Украіны. І як бы сёньня былыя маларосы, у памкненьні да ўласнай самаідэнтыфікацыі, не адсланялі ад сябе ўсё “рускае”, яно заўсёды будзе асноўным ядром украінскай нацыі. Што да беларусаў, то хаця элемэнт, скажам так, “рускасьці” ў нас таксама адыгрываў (і працягвае адыгрываць) істотную ролю, але ня гэта было галоўным у паўставаньні Вялікай Літвы, ліцьвінскага этнасу, а пасьля, на ягоных руінах, этнасу беларусаў.
Але якімі словамі называецца тое першаснае, што некалі паклікала нас зьявіцца і вызначыцца як нейкую самасьць? Я засну, так і не адказаўшы сабе на ўласнае запытаньне…
22 сакавіка. Панядзелак
Кожны панядзелак у мяне падпарадкаваны адной падзеі — заняткам у Беларускім Калегіюме, дзе я ўжо амаль шэсьць гадоў выкладаю на аддзяленьні філязофіі і літаратуры. Сёньня на сэмінары мы публічна аналізуем эсэі Марыны Дварэцкай і Вольгі Шашок. Марына абрала сабе тэмай Менск і напісала пра свой мэгаполіс весела і зьдзекліва. Але за іроніяй няцяжка расчытаць тугу па ідэальным горадзе, які можна было б шчыра любіць і якім можна было б ня тоячыся ганарыцца.
Эсэ Вольгі — прастора напятай самоты. Усё яно — сьцішаны адчай нацыянальна абранага чалавека, які балюча і трывожна адчувае сваю вылучанасьць з чужароднай бальшыні. Дзяўчына ўжо наперад прадбачыць увесь цяжар беларускага шляху і як бы рыхтуе сябе да гераічнай самоты, якая будзе доўжыцца праз усё жыцьцё.
Я слухаю развагі маладых людзей, а сам думаю трохі аб іншым. У свой час мне закарцела скласьці кнігу з аповедаў тых, хто сьвядома прыйшоў у беларушчыну і застаўся тут назаўжды. Але гэтыя расповеды мусілі кранаць толькі адзін момант. А менавіта, як чалавек стаў на беларускі шлях, што яго сюды штурханула ці паклікала? З таго, што я ведаў, у кожным выпадку гэта была зусім іншая гісторыя, не падобная на другія. Сабраныя ў мноства, — думалася мне, — яны, магчыма, маглі б распавесьці нешта істотнае і пра нас саміх і пра нашу краіну.
Тую даўнюю хэнць я і дагэтуль ня спраўдзіў. Аднак кожны раз, калі ўглядаюся ў тых, хто паступае навучацца ў Беларускі Калегіюм, я здумляюся: чаму яны абралі Беларусь як справу свайго жыцьця? Альбо інакш: чаму менавіта іх абрала Беларусь, каб выявіць уласную самасьць?.. І ніколі не знаходжу на сваё здумленьне пэўнага адказу. У пакліканьні Беларусьсю заўсёды ёсьць нешта містычнае.
23 сакавіка. Аўторак
Зранку патэлефанаваў адзін вядомы журналіст і запытаўся для свайго выданьня, што я думаю пра ідэалёгію нашай дзяржавы? Падставаю для запытаньня была гадавой даўніны прамова Аляксандра Лукашэнкі, дзе прэзыдэнт запатрабаваў неадкладна сфармуляваць нацыянальную ідэю. А каб увесь беларускі народ ведаў, што гэта такое, было загадана стварыць розныя ідэалягічныя інстытуцыі, якія будуць займацца распаўсюджваньнем новай веды…
Шчыра кажучы, я нічога ня думаў і не зьбіраюся думаць пра гэтую выдумку ўладаў. І безь яе ў нашым жыцьці даволі дурноты. Але калі паважаны чалавек цябе пра нешта пытае, то нешта трэба адказваць. І я сказаў журналісту, што насамрэч Аляксандру Лукашэнку сапраўдная нацыянальная ідэя зусім не патрэбная. Бо калі яна ёсьць, сапраўдная, то хоцькі-няхоцькі ёй мусяць падпарадкоўвацца ўсе: і простыя людзі, і кіраўнікі дзяржавы. А Аляксандру Лукашэнку, наадварот, патрэбна адно тое, што б асабіста яму дапамагала падпарадкоўваць людзей. Іншымі словамі, для яго, што нацыянальная ідэя, што дзяржаўная ідэалёгія — гэта ўсяго толькі дадатковыя мэханізмы ўтрыманьня пэрсанальнай улады…
Зрэшты, хопіць пра гэта, бо хацелася б яшчэ распавесьці, як падвячоркам мы перавозілі мэблю, абсталяваньне і бібліятэку Беларускага Калегіюму з адной кватэры на другую... Уласна, сам пераезд нічым асабліва ня розьніўся ад хоць якога яшчэ. А вось людзі, якія ў поце і брудзе цягалі на чацьверты паверх усё, што ў такіх выпадках цягаюць, здаецца, вартыя нашай увагі. Я тут трохі пералічу. Гэта Алесь Анціпенка, Максім Жбанкоў, Уладзімер Мацкевіч, Сяргей Харэўскі… Ужо ж напэўна, ня шмат каму ў Беларусі іх прозьвішчы добра вядомыя. Але дайце мне веры, кожны з тут пералічаных быў бы знакавай фігурай у хоць якой багатай культуры.
Да чаго я гэта кажу? А да таго, што цягаючы разам з усімі розную покладзь, я раз-пораз пасьміхаўся пра сябе, бо раптам пачаў уяўляць, што было б, каб, да прыкладу, у Францыі, сабраліся гурмой адметныя філёзафы, культуролягі, мастацтвазўнаўцы і на сваіх плячах пачалі пераносіць мэблю з аднаго памяшканьня ў другое. Пра гэтую падзею потым пісалі б ва ўсіх падручніках па гісторыі культуры. А ў нас — клясык літаратуры на градах летніка, вялікі мастак на бульбяным полі, знаны музыка ў будцы вартаўніка — гэта норма, звычаёвасьць.
Але калі вы падумалі, што згадкай пра гэты эпізод я хацеў у чарговы раз папракнуць беларускую долю, то вы памыліліся. Мне сапраўды было весела.
24 сакавіка. Серада
Нехта жыве, а нехта разважае пра жыцьцё. Я хутчэй належу да апошніх. Для мяне цікавая думка ёсьць падзеяй куды большай за цікавую сустрэчу. Нават калі гэта сустрэча з жанчынай. Між іншым, у прыгожую думку можна закахацца, як у прыгожую жанчыну. А, верагодна, і яшчэ мацней.
Усё гэта я да таго, што сёньня 14 гадзінаў запар праседзеў ля пісьмовага стала (натуральна, за выключэннем фізіялягічных пакліканьняў). І калі б я не любіў мысьленьня болей за жыцьцё, то гэта было б жахліва. Асабліва як улічыць, што ўвесь гэты час я працаваў не з сваім, а з чужым тэкстам. Але як для мяне, то сёньня выдаўся зусім не благі дзень. Бо вялізнае эсэ Вальтэра Міньёлы, над якім я (як рэдактар) шчыраваў да зьнямогі, прапаноўвае для зкалянізаваных краінаў рэцэптуру супраціву ўладным цэнтрам. Але Міньёла раскрывае мэханіку не фізычнага прымусу слабейшага, а — прымусу інтэлектуальнага. Што надзвычай істотна. Бо мы неяк звыкліся лічыць, быццам паняволеньне адбываецца праз эканамічную ці збройную навалач. А насамрэч, і пераможная зброя, і эканамічная экспансія — гэта ўсяго толькі бляклы цень ад інтэлектуальнай фігуры пераможнай сілы. Эўрапейская цывілізацыя ў сваю пару скалянізавала амаль увесь свет не фрэгатамі і пушкамі, а сваім адметным інтэлектам.
І калі мы імкнемся зноў злучыцца з Эўропай, дык нам найперш трэба дбаць пра нарошчваньне свайго інтэлектуальнага патэнцыялу да тых памераў, за якімі яго ніхто ня зможа абмінуць увагай. Інакш нашае задзіночанне з Эўропай будзе нагадваць хаўрус “кроліка з удавам”.
25 сакавіка. Чацьвер
Мову і сьвяты чалавек павінен атрымліваць разам зь дзяцінствам. Тады і мова будзе роднай, і святы любімымі. А мы што мову, што сьвяты вучым па кніжках. І не ў дзяцінстве, а значна пазьней. Гэтак па кніжках мы вывучылі і дзень 25 сакавіка — як сьвята Беларускай Незалежнасьці. Таму і сьвяткуем яго, як бы адказваючы перад Настаўнікам хатняе заданьне…
Праўда, яшчэ некалькі год таму мы ўсе чакалі гэты дзень з трывогай і хваляваньнем, бо ніхто наперад ня ведаў: возьме ён пасьля шэсьця супраціву сьвяточную чарку, ці будзе бавіць ноч у пастарунку нават без глытка гарбаты.
Але пара шэсьцяў і мітынгаў неўпрыкмет скончылася. Сёньня ў мяне быў звычайны дзень, нічым не адрозны ад апісаных папярэдне. Праца над тэкстамі, сустрэчы з аўтарамі, тэлефонныя перамовы наконт спраўджаных і няспраўджаных праектаў.
Адзінай адметнасьцю быў сэмінар у Інстытуце філязофіі, які тры гады таму распачалі Ігар Бабкоў і Ўладзімер Абушэнка. На гэты раз мы аналізавалі праблемы паняволенай сьвядомасьці і шляхі вызваленьня да самастойнага мысьленьня. Тэма апынулася надзвычай сугучнай Дню Незалежнасьці, з чаго народ не без прыемнасці пацешыўся…
А пасьля завяршэньня сэмінару ўсёй гурмой спыніліся каля першага шапіка, узялі па пляшцы піва і выпілі “За нашу і вашу свабоду”. Тым і скончыўся дзень вывучанага напамяць сьвята.
26 сакавіка. Пятніца
Усьцягнуўся ні сьвет ні зара, каб сьвежым вокам прамацаць усе ад пачатку нататкі і да адзінаццаці гадзінаў пасьпець на радыёстанцыю. Бадай, запіс у эфіры і будзе самай адметнай падзеяй гэтага дня. А, можа, і ўсяго тыдня. Бо ніколі раней я не натаваў прыгодаў свайго прыватнага жыцьця шэсьць дзён запар. І наўрад ці калі яшчэ буду рабіць нешта падобнае…
У сьвеце ёсьць безьліч рэчаў куды больш цікавых, чым ты сам.