Прыватны дзёньнік: Алесь Пушкін

Алесь Пушкін, Бобр

20 лютага

Мая маці – мой сьвяты анёл-ахоўнік! Яна побач, яна жывая і старэнькая. Якое шчасьце кожны дзень прыходзіць да бацькоў, глядзець на іх, размаўляць і сядзець побач! Мы разам увечары: тата на печы паліць самакруткі і глядзіць тэлевізар, мы з маці – на канапе. І вось сёньня яна нечакана дапамагае нават простай парадаю звазіць майго кума, які надоечы прыязджаў да мяне і скардзіўся на стэнакардыю, ці як кажуць у народзе, “грудную жабу”, да шаптухі-суседкі, бо гэтая хвароба лечыцца замовамі. Я тут жа тэлэфаную куму Віцю Куліку і мы неўзабаве ідзем да шаптухі. Калі я ўвайшоў у пакой, дзе адбывалася замова, каб падаць вады, бо Віця прасіў, я ўразіўся: на канапе, як гара, ляжаў тоўсты, барадаты, напаўагалёны (да пояса) мой кум і сухенькая, маленькая, зморшчаная бабулька Клава ў хустачцы прынікла, амаль паклаўшы голаў, яму да сэрца, нешта шэпчучы. Паставіўшы ваду, я выйшаў, пакінуўшы іх удвох. Неўзабаве Віця выйшаў у добрым настроі, а бабулька, забараніўшы нам дзякаваць, сказала прыйсьці яшчэ некалькі разоў на ўзыходзе сонца. А вадой гэтай, што дала , загадала змыць грудзі.

22 лютага

Усёдаравальная нядзеля. Заўтра пачатак Вялікага посту. Іду ў царкву. Дзень прыгожы. Сонечны. Звон на царкоўнай званіцы марозны і здаецца ад сонца яшчэ прыгажэйшы. У царкве 15-16 бабулек, незнаёмая маладая жанчына, што паставіла сьвечку й сыйшла, ды два мужчыны: адзін я, другі – тата маладой сям’і з хлопчыкам і жонкаю. Падчас пракімена ўражваюць словы, што сустракаць пост “не должно козлогласованием, объядением и опиванием, не блудодеянием и стыдодеяним прочим” , а дараваньнем і прабачэньнем у іншых за свае правіны. У думках я ўсьміхаюся на тыя паказы Масьляніцы па беларускім тэлебачаньні: сапраўды там і “козлогласование” і “объядохся” і “опивохся” бысьть. Літургія ідзе сваім чынам: сьвятар механічна, роўна бубніць парадак службы, наш хор з трох бабулек галасіста й молада сьпявае, бабулькі-прыхажанкі падчас важных нават словаў, на якіх варта было б засяродзіцца, зьбіраюць мітусьліва кроплі воску з падлогі ці здымаюць незапаленыя сьвечкі з панікадзіл і трапна шпурляюць іх у скрыначкі каля кожнага ахвярніка.

Ці трапляе сэнс гэтых сьвятых словаў у душы людзкія? Ці ён нібы праз сон прамаўляецца імі і засвойваецца ў падсьвядомасьці? Ня ведаю. Але ў канцы сёньняшняе службы сьвятар наш айцец Віктар Белацаркоўскі тлумачыць па-руску сёньняшняе эвангельле ад Мацьвея: “Мы як належнае ўспрымаем хвальбы і камплімэнты сабе, бо гэта па гардыні нашай. А вось праўду ці крытыку ўспрымаем хваравіта і запамінаем надоўга. Успрыміце Хрыста, бо паказаў нам, што яго любоў да нас робіць цуды. Ведаючы, ШТО зь ім зробяць людзі, ён бязьмежна ўсё ж нас любіў і ішоў на крыж, верачы, што людзі, убачыўшы гэтую любоў, пераменяцца самі. Як цяжка дараваць і любіць крыўдзіцеляў!!!” Я ў думках згаджаюся з тым – як цяжка дараваць і любіць цяперашнюю ўладу! Сьвятар папрасіў у нас прабачэньня за ўсё, чаго можа не зрабіў дзеля нас, вольна ці нявольна, пры гэтым, як мне падалося, паглядзеў на мяне. Мы таксама папрасілі і за сябе.

З пачуцьцём узьнёсласьці падыходзячы цалаваць Сьвятое Расьпяцьце я прамовіў ойчу Віктару, што было б нам добра ад слоў прабачэньня перайсьці да спраў і на просьбу няхай хоць і аднаго прыхаджаніна, а менавіта мяне, грэшнага, пачуць нарэшце хоць раз тлумачэньне і казаньне нядзельнае ці сьвяточнае на беларускай мове ў нашай, збудаванай намі ж царкве. І паглядзеў яму ў вочы. Я ўбачыў зусім спакойныя, пустыя вочы рускага папа.

24 лютага

Раніцай званіў ксёндз Леанард Чухоньскі, пробашч касьцёлу Сьв. Арханёла Міхаіла, што ў мястэчку Міхалішкі Астравецкага раёну. Будзем разам выконваць волю Божую – аднаўляць скрадзеныя ў мінулую зіму зь яго касьцёлу невядомымі злачынцамі, дагэтуль ня знойдзеныя, абразы дзевятнаццатага стагодзьдзя з двух бакавых алтароў: “Маці Божую Ружанцовую” і “Сьвятую Ганну з паннай Марыяй”. У жніўні 2003 году падчас пленэру ў гонар 120-годзьдзя Янкі Быліны мы, папярэдне пазнаёміўшыся праз Алеся Юркойця, дамовіліся, што пачнем працу ў красавіку-траўні. І вельмі прыемна і адказна, што воля Госпада на тое, відаць, так і будзе: спадоблюся я яшчэ для Віленскага краю, Нальшчанскага краю, дзе на беразе Віліі стаіць гэты вядомы помнік раньняга барока – Міхалішскі касьцёл сьв.Арханёла Міхаіла.

Што я цяпер пішу? Маленькую дзяўчынку Лізу, якой 10 сакавіка будзе 10 месяцаў. Дзякуючы жонцы нашага хірурга Сяргея Хацько – Тані, яе выратавалі ад сьмерці, зрабіўшы апэрацыю на сэрцы ў Санкт-Пецярбурзе. Таня сабрала грошы – 7 тысячаў даляраў са знаёмых і яе сяброў у Італіі, дзе яна працавала час ад часу ў якасьці перакладчыцы, калі вазіла дзяцей па Чарнобыльскай праграме. Мая ж сьціплая лепта – напісаць для іх гэту невялічкую карціну, у цэнтры якой маленькая дзяўчынка на нашым сувоі вобразаў-пэйзажаў зімовага Бабра з аднаго боку, і сонечнага мястэчка Вапрыо д’Ада, што ў паўднёвай Італіі – з другога.Там кветкі, зеляніна, чырвоныя дахоўкі, вінаград, а ў нас – зімовы лес, лёд Бабра, часнык, пульхны чысты сьнег прастораў і шэрыя заінелыя хаты й дрэвы. Няхай у далёкай Італіі гэтая карціна нагадвае добрым людзям пра іх высакародны ўчынак! Дый хочацца верыць, што зь дзяўчынкі Лізы вырасьце ў будучыні прыгожая і карысная для нашага краю Панна!

26 лютага

Іду па засьнежаным урачыстым лесе-храме, думаю пра асаблівасьці заходняга і ўсходняга характару беларусаў. Андрэй Мельнікаў і Віктар Шалкевіч. Адзін успрыняў праваслаўе ў 33 гады і зараз дзякуе мне, што сам я таго ня ведаючы, зрабіў для яго вельмі важную рэч у жыцьці, пахрысьціўшы ў Бобрскай царкве. І ён цяпер нясе менавіта КРЫЖ адказнасьці і беларускага барда, і мужа, і бацькі ( мае двух сыноў – Альберта і Марціна). І другі, які 19 сьнежня ў інтэрвію Віктару Корбуту ў “Советской Белоруссии” прамовіў надзвычай важную фразу: “Не, няхай іншыя барацьбіты носяць крыжы, я ж панясу сьвечку”. Гэта вельмі характэрная фраза сёньняшняга эвалюцыянуючага ўсьведамленьня свайго пакліканьня. Мы ўсе перажываем нейкі рубеж пераўсьведамленьня свайго пакліканьня. І я не бяруся судзіць ці прадказваць, куды ён нас выведзе. Але права выбару неаддымнае і мы выбіраем самі – “Крыж” ці “Сьвечку”. Галоўнае – не бязьдзеяньне, а ўсё ж нейкая праца, нейкі ход, рух, творчасьць. На стварэньне Беларусі. У гэтым бобрскім урачыстым лесе і прыходзіць думка напісаць іх партрэты – такіх розных беларускіх бардаў – Мельнікава і Шалкевіча. Усход і Захад – крыж і сьвечка. Як тут не ўзгадаць яшчэ адну постаць на Беларусі, яшчэ адзін творчы шлях, які вельмі ўплываў на ўсё нашае, маё, пакаленьне, – паэта Анатоля Сыса зь яго найлепшай кніжкай “Пан Лес”!!! І з тым, што можна несьці яшчэ і чарку.

27 лютага

Я люблю глядзець на полымя ў печы, асабліва, калі вуглі паступова цямнеюць, з аранжавых становяцца рубінавымі, пакрываюцца сівым прысакам. Вечарэе. Зімовы Бобр, зеленаваты лёд ракі, плёскі зімуючых качак, далёкія цягнікі і брэх сабак. Музыка далёкай цыркуляркі, гук рухавіка якогась рабацягі-трактара, што вязе заінелыя бёрны на расьпілку з суседняга лясьніцтва. Музыка цішыні, і вобраз героя нашага часу, які ў мяне нараджаецца, – гэта вобраз вясковай настаўніцы. Яна ў ярка-чырвоным, нібы зыркія гронкі арабіны, палітоне ўзвышаецца на фоне зімовага мястэчка з газэтай “Наша ніва” і “Дзесяцьцю вякамі беларускай гісторыі” Сагановіча і Арлова ў руках. А вакол у мястэчку дзеецца сваё нетаропкае і характэрнае жыцьцё: ля крамы таўкуцца алькаголікі, даўно ня голеныя, зьвіняць пустымі пляшкамі, часам “страляючы” ў праходзячых пэнсыянэраў цыгаркі. Цягнуцца на працу на Бобрскі сьпіртзавод мяшканцы, што па году-паўтара не атрымоўвалі заробкаў, едзе туды ж на “Волзе” грузін-дырэктар, які фіктыўна ажаніўшыся, зажыў тут, пастаўлены вэртыкальлю, каб адмываць на брудным сьпіртовым бізнэсе бюджэтныя грошы, дзелячыся ж, вядома, з тымі, хто яго тут паставіў. Але за вуглом ягонага габінэту яго ўжо чакае наш бобрскі Гастэла з бутэлькаю бэнзыны ў рукох. Ля сельсавету ля параднага пад’езду– “одержимы холопским недугом просители”. На ганку – старшыня наш Юры Міхайлавіч, былы палітрук, ахвіцэр, які калісь даваў прысягу і гонар абараняць сваю радзіму, тлумачыць “прасіцялям” пра цяжкасьці, страшчаючы, што каб Пазьняк з Шушкевічам былі пры ўладзе, дык даўно б прадалі ўсё ў НАТА, а не заўважаючы, як наша зямля, калгас Бобр, і заводы, і людзі на ёй ужо аддадзены ў арэнду ўсходняму дэспату Гаргадзэ. Шнырыць-бегае ўчастковы оперупаўнаважаны Аляксей Уладзімеравіч, вышукваючы крамолу, дзе раздаюць “Народную Волю” ці клеяць улёткі, не заўважаючы боек хуліганаў ці пяцігадоваадседзеўшых, выпушчаных па амністыі злодзеяў, якія ля царквы хапаюць дзядкоў-пэнсыянэраў за грудкі, патрабуючы закурыць ці грошай. І толькі скаўты звольненага падчас перадвыбарчай кампаніі настаўніка Аляхновіча весела бягуць да сваёй вясковае настаўніцы, нясуць ёй свае шчырыя дзіцячыя навіны, знаходкі і пытаньні. Гэты абраз вясковае настаўніцы ў блаславёным стане і ёсьць тое, чым я жыву гэтую найпрыгажэйшую за апошнія сем гадоў майго жыцьця зіму.