Прыватны дзёньнік: Георгі Ліхтаровіч

Георгі Ліхтаровіч, Менск

14 лютага

Напярэдадні лётаў на верталёце. Здымалі Нясьвіж і Мір. З надвор’ем пашанцавала — паветра было празрыстае, а бялюткі сьнег старанна прыхаваў нашую зямную неахайнасьць. Ёсьць спадзяваньне на неблагія кадры. У сьне лётаў таксама, але вясной і, напэўна, у іншым стагодзьдзі, бо аніякіх шэрых будынінаў ня бачыў. Толькі ўтульныя дамкі пад чырвонаю дахоўкаю, аблямаваныя квеценьню садоў. Ажно прачынацца не хацелася…

Увечары разам з Андрэем Спрынчанам здымалі Вайханскіх. Апошнія намаганьні для выданьня іхнага беларускага дыску, а мо дакладней — нашага, бо там буду прысутнічаць вершамі і перакладамі. Я ўдзячны лёсу за тое, што зьвёў нас. Галіна і Барыс — таленавітыя, шчырыя і вельмі сьціплыя людзі. Можа, трошачкі даўгавата ішлі да беларускасьці, затое атрымалася натуральна.


15 лютага

Напрыканцы тыдня чакае стос газэтаў: “Наша Ніва”, “Новы час”, “ЛіМ”, “Народная воля” — як дамовіліся, выходзяць у адзін дзень. І чытаць цяжка, і не чытаць нельга. Апошнім часам “зухі” ад апазыцыі знайшлі сабе новы занятак — спрачацца паміж сабою. Уладны агітпрап можа адпачываць, бо пасьля такіх публікацыяў папулярнасьць нашых палітыкаў няўхільна зьніжаецца. Сумна…

Патэлефанавалі з Магілёва наконт літаратурнай вечарыны. Гэта дзякуючы Васілю Якавенку… З таго часу, як пабачыў сьвет “Агульны сшытак”, у мяне тыповае раздваеньне асобы. Добра ведаю, хто я ў фатаграфіі. Зь вершамі — інакш: і я, і ня я. Хаця апошні час атрымаў добрыя водгукі і ад нашых клясыкаў, і ад простых людзей, што, безумоўна, прыемна. Назіраю за гэтымі падзеямі нібыта збоку, зь лёгкай усьмешкай і недаверам. Як у старым анэкдоце пра дарагога Леаніда Ільіча і яго “Малую зямлю”: “У каго ні запытаеш, кажуць, што добрая кніжка. Можа, і мне пачытаць?”


16 лютага

Панядзелак, а новае жыцьцё не атрымліваецца. Сам сабе нагадваю Бурыданавага асла, які здох з голаду паміж двух стагоў сена, бо стаяў акурат пасярэдзіне і ня мог вырашыць, да якога ісьці. Сёлета выбары. З аднаго боку — трэба нешта рабіць. Апазыцыя актывізуецца, утвараюцца блёкі, рухі, групоўкі… А з другога — палатка нелегітымная, нічога не вырашае, выбарчы кодэкс дрэнны, кантраляваць немагчыма, фальшаваньне будзе бессаромнае. Выбараў ня будзе, галасуй — не галасуй.

На беларускім радыё абмяркоўвалася нейкая тэма, зьвязаная з тэлебачаньнем. Слухаў у машыне ня надта ўважліва, а потым схамянуўся. Простая жанчына на расейскай мове выказалася пра расейскія тэлеканалы: “А какое мы к ним имеем отношение? Это же другое государство!..” Вось гэта, на мой погляд, самая каштоўная зьмена, якая адбываецца ў сьвядомасьці нават вельмі далёкіх ад палітыкі людзей.


17 лютага

Корпаўся ў чарнавіках і нечакана дапісаўся:

Начны санэт

Цішэе ноч. Здаецца — зморыць сон.
І тут прыходзіць верш радком нясьмелым,
Пакуль яшчэ зялёным, недасьпелым,
Аскомістым — як ліпеньскі антон.

Трапляю да паэзіі ў палон:
Па аркушы, ажно да болю белым,
Кіруемы штуршком незразумелым,
Ляціць аловак рыфме наўздагон.

Але рука імкнецца ўжо да гумкі —
Зьнікаюць словы, узьнікаюць думкі,
Страфой на сьвет вылузваецца сказ,
Як птушаня з гнязьдзечка на застрэшшы…

Скарае стома. І ў каторы раз
Мне сьняцца незавершаныя вершы.


18 лютага

Напярэдадні набыў чацьверты том Барадуліна. З раніцы раскрыў і амаль да вечара ня змог закрыць ні кніжкі, ні рта. Вушацкі слоўнік толькі пагартаў, бо яго трэба вывучаць. Уплёўся ва ўспаміны пра Караткевіча і нібы машынай часу перанёсься ў мінулае. Трапнае і сакавітае слова дзядзькі Рыгора робіць цуды. Міжволі ўспомніліся і ўласныя сустрэчы з Уладзімерам Сямёнавічам. Зноў шчымлівае пачуцьцё шкадаваньня — нечага не зрабіў, не сказаў, а можа, і не пачуў… Трэба часьцей бачыцца і размаўляць, пакуль жывыя, не чакаючы нагодаў ці юбілеяў, проста так. А я вось нават з нагоды каторы месяц ня выберуся да Янкі Брыля. На наступным тыдні — абавязкова!..

Вечарам ад расейскіх тэлеканалаў моцна запахла газам — аж захацелася патэлефанаваць на 04. Потым гэты водар зьнік, Расея адключыла газ. Перашчоўкнуў на беларускія — паўнюткая цішыня і рост дабрабыту працоўных, дзякуючы ўсенароднаабранаму. Можа, расейцы нешта наблыталі? А можа сам у Драздах газавае радовішча знайшоў?


19 лютага

“Сёньня ноччу!.. Вераломна!.. Без аб’яўленьня!..” Выпускі навінаў праз кожную гадзіну. Нарады, паседжаньні, заявы, дыпляматычныя дэмаршы, пратэсты, водгукі працоўных… “Ярость благородная вскипает, как волна!..” І сумна, і сьмешна. Сёньня ўлада з сур’ёзным і заклапочаным тварам распавядае народу пра незалежнасьць, энэргетычную бясьпеку, межы, вайсковыя базы, кошты транзытаў — пра ўсё, аб чым гаварыў Зянон Пазьняк з трыбуны Вярхоўнага Савету больш за 10 гадоў таму. А каб тады паслухалі і пачалі будаваць чарнаморска-балтыйскі калектар і браць грошы за ўсё? Было бы з чаго і плаціць! Нездарма ўсё-ткі разумны габрэй хацеў узяць мэтар мяжы ў арэнду… А тут — сотні кілямэтраў, і кіраўнік робіць адкрыцьцё: “Едуць тут праз нас, лётаюць, поўзаюць!”

Але ж і дажыліся: улада ладзіць мітынг пратэсту каля расейскай амбасады. Стыхійны пратэст і прафэсійна выкананыя транспаранты. Цікава, ці падавалі за дзесяць дзён, як таго патрабуе закон, заяўку ў гарвыканкам і ці атрымалі дазвол? Напэўна атрымалі, бо ніводнай перашкоды з боку праваахоўных органаў.

Водгукі працоўных: “Так паступаюць толькі ворагі, гэта шантаж, акупацыйнае рашэньне!..” А які невымерны боль у вачах “правадыра” за гаротных палякаў, літоўцаў, немцаў. І як толькі яго чэснае сэрца вытрымлівае? Здаецца, зараз усё скажа, схопіць сякеру і на лыжах разам з усім урадам — у лес, секчы дровы для няшчасных эўрапейцаў…

Як абрыдлі гэтыя гульні! Зразумеў, што ў Маскве яму “ня сьвеціць”. Вось і ўчыніў гэты спэктакль з праведным гневам і ратаваньнем роднага народу. І народ аб’яднаўся і падтрымаў свайго мудрага кіраўніка…

Ня будзе ладу ў нас пакуль
Халява будзе даспадобы,
Бо лайдакі вітаюць культ,
Калі ён нават без асобы!

А плаціць за ўсё прыдзецца нам: за газ, за крамлёўскія амбіцыі, за братэрскія адносіны, за змарнаваны час, за ўласную даверлівасьць і дурноту!..

А ў Туркмэністане — сьвята. Дзень нараджэньня Туркмэнбашы і нацыянальнага сьцяга. Народ млее ад аднаго позірку Сонцападобнага. Няўжо наша будучыня?