1 лютага
Першы дзень апошняга зімовага месяца. Як пісаў некалі ў сваім дзёньніку Язэп Драздовіч, “дзень прайшоў дамасідна”. А бліжэй да вечара патэлефанаваў Генадзь Драздоў — мастак шчырай, сьветлай душы. Нагадаў, што сёньня ён мае ласку запрасіць на сваю вечарыну з нагоды закрыцьця выставы. Болей за месяц ягоныя творы месьціліся ў памяшканьні сядзібы Беларускага Народнага Фронту — адзіным памяшканьні, дзе мастакі могуць выставіць непадцэнзурныя творы.
Мінуў час, калі можна было сьмела выстаўляць у залях нашага Палацу мастацтва тое, што хоча сам творца. Ня тыя ветры сёньня дзьмуць. Ня так даўно начальнікам палацу быў прызначаны новы чалавек. У мінулым, кажуць, вайсковы пракурор. І першае, з чаго ён пачаў, дык гэта “ператрахваць” кадры. Адразу звольніў некалькіх чалавек, іншыя самі сышлі. А маючы “высокаэстэтычны” густ вайсковага службіста, пачаў з свайго кабінэту выкідаць творы, што віселі на сьценах. А на іх месца загадаў сваім падначаленым павесіць партрэт жалезнага Фэлікса. Так гэта было ці не, толькі ў сховах палацу кабінэтнага партрэту не знайшлі, а двухмэтровы Фэлікс у цесным пакоі ня месьціцца. З гэтае прычыны ці не, але новы начальнік неяк хуценька напісаў заяву аб звальненьні. Ходзяць чуткі, што гэтае месца можа заняць другі пракурор, генэральны, калі яго не пасадзяць з прычыны зьніклых палітыкаў.
А на вечарыне-выставе Генадзя Драздова прысутныя ўпрошвалі аўтара, каб той нешта патлумачыў пра тую ці іншую карціну. Генадзь паціскаў плячыма, разводзіў рукамі: “Пра што казаць? Я сам яшчэ да канца ня ведаю, што тутака атрымалася… Думайце, глядзіце самі”.
З гэтай нагоды я ўспамінаю, як мая колішняя настаўніца Марыя Патапаўна ў пятай клясе вешала на школьную дошку вялізную рэпрадукцыю з карціны “Утро нашей Родины”. Пасьля Патапаўна зьвярталася да нас, паваенных школьнікаў, у большасьці сваёй бязбацькавічаў, выгадаваных на нішчымніцы: “Дзеці! Напішыце пра тое, што вы бачыце на гэтай карціне. Адным словам, патлумачце”. А на рэпрадукцыі парфумна-ружавашчокі Восіп Сталін адорваў нас шчасьлівай усьмешкай, аглядаючы шырокія прасторы сваёй родзіны. А я ўглядаўся ў зусім іншую карціну, як за вакном нашае клясы мяккім пухам слаўся на старасьвецкія бярозы бялюткі сьнег. А па шляху да школы цягнуўся калматы конік па мянушцы Салавейка. На санях сядзеў кіншчык Міця з усім сваім прычындальлем. Сёньня будзе кіно. А значыць, як мага хутчэй трэба зь Мішкам Шматком, маім сябрам, зьбегаць па матчыну посьцілку, каб завешваць акно. І тады кіншчык Міця нам за гэта бясплатна пакажа кіно.
2 лютага
Кароткім здаецца дзень, калі кожная хвілінка запоўненая турботамі. З ранку трэба было арганізаваць машыну падвесьці творы Яўгена Куліка на выставу памяці нашага творцы. Не дажыў ён да сваёй пэрсанальнае выставы. Заўчасна адышоў у вечнасьць. Твораў у Яўгена Куліка бадай што хапіла б на ўвесь Палац мастацтва. Аднак кіраўніцтва творчага саюзу чамусьці палічыла, што хопіць і адной невялічкай залі. Некалі Генадзь Сакалоў-Кубай так пісаў пра нашага незабыўнага Яўгена: “Ён зь першых крокаў зрабіў для сябе правілам — ніводнай работы, якая б не адпавядала ідэалам творчасьці, ніводнай работы выключна дзеля грошай”.
3 лютага
Нарэшце сёньня адчыняецца выстава Яўгена. Недзе а 9-й гадзіне я тэлефаную Шурыку (так мы часам называем знанага скульптара Алеся Шатэрніка). Дома яго няма. Хатнія кажуць, што пабег да Сьвіслачы прымаць водныя працэдуры, а па-простаму — боўтнуцца з галавою ў проледку халоднае Сьвіслачы. З гэтай прычыны аднойчы ў яго стаўся канфлікт з ахоўнікамі першае асобы. Шура пасьля купаньня ішоў дахаты, а тут побач якраз Рыгоравіч на каньках катаецца. Ён туды. А яго — цап за руку і давай круціць: “Не мешайте, таварышч, не срывайте нам празьнік!” Наш скульптар пачаў спрачацца, упірацца: “Так і так, маўляў, я таксама спартсмэн. Кожную раніцу бегаю, абліваюся халоднай вадою. І прамежду прочым (пераходзячы на іхную мову) Рыгоравічу не пашкодзіла б таксама туды з галавой…” Тыя пачалі абурацца: “Як так, Рыгоравіч туды ня можа, там ведзь вада очань гразная, мікробы і ўсё такое…” А Шура ім: “Няпраўда ваша, у такія маразы ў тым месцы ўсякая гадасьць гіне”. А яны: “На что намякаяце, таварышч?..” Ды ўсё ж адпусьцілі небараку. Пра гэты выпадак Шатэрнік любіў расказваць Яўгену Куліку. А Яўген Сяргеевіч яму: “Ты, Шура, садыст. Іш ты — усякая гадасьць гіне…”
Па абедзе еду ў Палац мастацтва паглядзець — як там, ці зроблена ўсё да адкрыцьця выставы. А там, як сказаў бы Яўген Сяргеевіч, “і конь не валяўся”. Намі расстаўленыя творы сіратліва стаяць на падлозе. Ды ўсё ж, як бы там ні было, агульнымі намаганьнямі да ўрачыстага адкрыцьця пасьпелі зрабіць экспазыцыю. Бачу, зьбіраецца памалу наш народ. Поўная заля знаёмых — як на шэсьці. Жанчыны з КХП снуюць адна перад адною з улёткамі свайго лідэра. Сілком запіхваюць друкаваную прадукцыю ў кішэні. Чую нейкі лямант, спрэчкі. Гэта ўжо наш лідэр творчага саюзу гоніць бедных жанчын з залі: “Гэта вам не на мітынгу! Тут вам ня месца!”
На адкрыцьці выставы гучалі ўзьнёслыя словы пра мастака. “Каб у добрай дзяржаве, пры добрым розуме, то можна было б выпусьціць альбом мастака. Цаны б яму не было”, — гаварыў Алег Трусаў. Але каму пра тое кажам? Сярод прысутных не было ніводнага чыноўніка зь Міністэрства культуры.
Некалькі купак наведнікаў стаялі ўбаку, церліся між сабою, а калі я праходзіў міма іх, то пачуў нягучнае злоснае: “Здраднік-здраднік!” Адзін зь лідэраў КХП, у мінулым дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Папкоў, ледзь ня ўзяўшы мяне за каўнер, пракрычаў у твар ужо знаёмае: “Здраднік! Як вы будзеце глядзець усім нам у вочы (трэба думаць, у вочы сябрам КХП), калі ўсіх гэтых вячоркаўцаў з хадыкамі выганяць зь Беларусі!” Я адразу неяк ня ўцяміў. “Хто, — пытаюся, — іх выганіць?” — “Мы”, — быў кароткі, як стрэл, адказ. Падышоў Алег Трусаў. Менскі лідэр КХП ужо да старшыні ТБМ: “І ты туды ж, здраднік! Такіх, як вы, трэба біць па твары…”
І ўсё гэта адбывалася на выставе нашага слаўнага Яўгена Куліка, на фоне намаляванага ім трыптыха. На разьюшанага Папкова глядзелі Эўфрасіньня Полацкая, дойлід Іаан ды майстар Богша. А ён усё малаціў і малаціў… Алег Анатольевіч ня мог яго супыніць, адно сказаў: “Не пагражай мне біцьцём. Я ўжо быў адзін раз біты ў Вярхоўным Савеце. Ты гэта павінен памятаць. Праўда, цябе сярод нас чамусьці не было. А што да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах, то я не хаваюся. Раней браў удзел і цяпер буду. Вы за байкот. Гэта ваш выбар”.
Цяжка, дужа цяжка было на душы ад той размовы. Значыць, калі гэткія прыдуць да ўлады, то галоўнай іхнай мэтай будзе расправіцца са сваімі колішнімі паплечнікамі… А вы, Аляксандар Рыгоравіч, пужаеце сваіх вэртыкальшчыкаў: “На кол усіх пасадзяць!” Сьпіце спакойна, “дарагой таварышч”.
І чаму?.. Хто каму даў права на ісьціну ў апошняй інстанцыі? Мы ўжо гэтае праходзілі. Калі адзін сьвядомы беларус браўся за грудкі зь менш сьвядомым, выйграваў трэці. Той, каго сёньня маем на вяршыні ўлады.