25 студзеня
Пінск — своеасаблівы горад. Яго называюць сталіцаю гуркоў і памідораў. Пінчукі прыроджаныя гандляры. Цэлы дзень яны рухаюцца, як малекулы. Вось і мы з суседкаю загарэліся паехаць у Янаў (Іванава) па куры. Рана цягніком сотні пінчукоў едуць туды. Білет каштуе танна, мясныя вырабы ў Янаве таксама значна таньнейшыя, чым у Пінску. Мы ехалі першы раз. Хацелі распытацца, дзе там крамы знаходзяцца, але ніхто нічога не расказвае. Цягнік спыніўся, і ўсе, як блохі, сталі хуценька выскакваць зь цягніка і бегчы да аўтобуса, які ўжо чакаў пасажыраў. Аўтобус бітком набіты людзьмі. Мы ўчапіліся за нейкім дзядзькам. Аўтобус прыехаў у цэнтар. Зноў усе выскачылі і пабеглі да крамы. Чаргу мы занялі за жанчынаю, якая нам не хацела гаварыць, дзе што прадаецца. Прывозу чакаць трэба было гадзіны дзьве.
Мы пайшлі туды, дзе куры прадавалі. І там — адныя пінчукі. Курэй купілі сапраўда танна. І яйкі там значна таньнейшыя, чым у Пінску. Гэтыя крама знаходзіцца пры птушкафабрыцы. Па дарозе ў прыватнага гандляра купілі вяндліны. Паездка ўдалася. Назад вярталіся цягніком. На станцыі Паняцічы селі тры бабулькі. У кажушках, валёнках, у хустках-абпінанках. Вясёлыя бабулі ехалі ў горад. Нейкі языкаты дзед запытаўся ў іх: “Як жыцьцё, дзеўкі?” — “Як пры лучыне. Не гарыць, дык тлее”, — адказала адна зь іх. Адна з бабуль пачаставала мяне ягадамі каліны. Каліна чырвоная, марожаная. Я зварыла зь яе кулагу. Каб кулага была смачнаю, трэба грэцкая мука, цукар і мёд. У цёплым месцы абавязкова трэба патрымаць яе 12–15 гадзін. Ну і смаката будзе!
26 cтудзеня
Усю ноч у кватэры суседа брахаў сабака. Ледзь толькі я пачынала засынаць, як усё паўтаралася. Толькі перад раніцаю ўдалося заснуць. Прачнулася ад званка ў дзьверы. Прыйшла суседка. “Што гэта ты так доўга сьпіш, як барыня?” — запыталася яна. Пагаварылі пра сабаку, пра надвор’е. Зайшлі ў спальню да мяне. Я прыбірала ложак, а яна глядзела, як я гэта раблю.
Нашаму ложку больш за 50 гадоў. Яго купілі ў той дзень, калі памёр Сталін. Дастаўся мне ў спадчыну ад бацькоў. Высокі, з прыгожымі мэталічнымі білцамі. На ім ляжыць цёплая пярына, засьцеленая кужэльнай посьцілкай. Посьцілкі — праца маёй мамы. Іх у мяне дзесяць: партныя, суконныя, льняныя, вышыванкі, ёсьць посьцілкі-віленкі. Я пыталася ў мамы, чаму яны так называюцца. Гэты ўзор яшчэ ад даўніх часоў ідзе зь Вільні. Віленскі строй. Посьцілкі я мяняю кожны дзень. Людзі прыходзяць — любуюцца. На ложку горкаю падушкі. І пасьцель мая ад такога ўбору — красата-любоцьце! У спальні на сьцяне іканастасам вісяць фатакартачкі. Увесь мой род. Маладыя бацькі, бабулі і дзядулі. Я люблю глядзець на здымак, дзе мая бабуля Марынка ў прыгожым андараку. Яна сядзіць на стульчыку, абняўшы майго маленькага брата. Каля бабулі стаю я, сямігадовая. Няма ўжо на сьвеце маіх бацькоў, ні дзядоў, ні майго адзінага брата. А ўсё яшчэ гавару зь імі. Ды малюся за іх.
27 студзеня
Увечары да мяне забег Юра Дубнавіцкі. Сярод маіх сяброў людзі рознага ўзросту. Юрась — своеасаблівы малады чалавек. Па-першае, ён вельмі набожны. Ходзіць рэгулярна ў царкву, шчыры вернік. А яшчэ ён займаецца рэдкай справай: робіць гітары ды лютні. Быў час у яго жыцьці, калі ён закінуў усё на свеце: сям’ю, сяброў, адпачынак. Суткамі сядзеў у сваёй майстэрні. Вырабляў гітары і лютні. Прытым лютняў было зроблена некалькі відаў. Думаў, што войдзе ў гісторыю Беларусі як майстар. Але талент яго так і застаўся незапатрабаваны. Адзінае, што радуе яго — ён навучыў сваёй справе вучня Андрэя. Андрэй вельмі файныя робіць лютні, а прадаць няма каму.
28 студзеня
Зрэдку я хаджу на цэнтральны рынак, каб купіць малочныя прадукты. Звычайна раз на тыдзень. Гандляры ў Пінск прыяжджаюць з навакольных вёсак. Палешукі любяць гандляваць. Любяць, калі зь імі чыніш торг. Паўтара літра малака каштуе 900 рублёў, але аддадуць за 800. Тварог — ад 1500 да 2000 рублёў за клінок. Атрымаўшы грошы, гандляр абавязкова скажа: “Кушайтэ на здороўічко!” Гаворка пінчукоў адрозьніваецца ад іншых мясьцін. Гэта сапраўды матчына мова. Яе ня вучаць ні ў школах, ні ў іншым месцы. Праўда, быў некалі “Пінскі лямантар” на паляшуцкай мове, ды не прыжыўся. А мова пануе як у вёсках, так і ў горадзе. На гэтым рынку ёсьць крама, якая называецца “Беларусачка”. Я зайшла туды, каб пабачыць, чым гандлююць. Шпалеры розныя. Лака-фарбавыя вырабы. На маё пытаньне, хто прыдумаў і чаму далі такую назву краме, ветлівая гаспадыня адказала: “Хочацца свайго, роднага. Таму так і назвалі — “Беларусачка”. Крама прыватная.
29 студзеня
Вось ужо год прайшоў, як памёр мой сябра Герман Іван Дзям’янавіч. Які быў прыгожы чалавек! Калі падуў цёплы ветрык Адраджэньня, ён стаў сябрам БНФ. Настольнай кнігай яго была “Глёрыя Патрыя” Зянона Пазьняка. Анкалягічнае захворанне высушыла яго цела, але не душу. Успамінаю, калі ён ляжаў у Бараўлянах, жонка яго, Люба, тэлефанавала, каб даведацца, як яго стан. Замест адказу ён запытаўся, ці адбыўся ў Пінску Чарнобыльскі шлях? Ён ведаў, што памрэ. Папрасіў сваю сям’ю, каб пахавалі па яго запавету. Каб надзелі вышыты мамінымі рукамі гальштук, каб прачыталі над ім і палажылі на сэрца “Малітву пра Беларусь”, каб накрылі цела яго бел-чырвона-белым сьцягам. Сябры, родныя, блізкія выканалі яго просьбу. Дружа! Нам цябе так не хапае!
Але жыцьцё сваім ладам ідзе. Прыйшла пара даставаць насеньне перцу. Я яго паклала ў латачку, вынесла на двор і закапала на гадзіну ў сьнег. А заўтра зярняткі ўпушчу ў зямлю: будзе на весну рассада. Пры гэтым скажу: “Зарадзі, Божа, на ўсякага чалавека, на добры ўраджай!”
Тыдзень праляцеў як бачыш. У нядзельку да царквы пайду.