Прыватны дзёньнік: Пятро Садоўскі

Пятро Садоўскі, Менск

11 студзеня

Сёньня нядзеля. Еду трамваем адведаць унукаў у Серабранку. На прыпынку каля Вайсковых могілак, дзе царква Сьвятога Аляксандра Неўскага, у трамвай пад рукі ўводзяць амаль беспрытомную жанчыну, сяк-так уладкоўваюць сесьці. Перапыхнула кабета, адсоплася, загаварыла з суседкай: “А мая дзетка, я ж гадзіны дзьве на службе прастаяла, там жа дыхаць нечым, ні прысесьці, ні павярнуцца...” Людзі рэагуюць па-рознаму.

Мне ж згадваецца 1994 год, апошнія тыдні майго амбасадарства ў Нямеччыне. Разам з жонкай вандруем па вулках перадкаляднага Мюнхэну. З намі супрацоўніца Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода Ларыса Верас. У Мюнхэне нетыпова маразяна: градусаў 10–12. Заходзім у касьцёл, Frauenkirche аm Marienplatz. Ёсьць вольныя месцы. Сядаем. Лавы пакрытыя мяккім аксамітам, па-штукарску ацяпляюцца. Зямны рай... Арганы, Бах, бясконцая прастора сьпічастага празрыстага неба вабяць увысь, у вечнае. Шчасьлівая гармонія зямнога і нябеснага... Згадваецца лацінскае: cuius regio, eius religio. Чыя тэрыторыя, такая і рэлігія.


12 студзеня

Заўтра стары Новы год... Царкоўна-калядная тэма не выходзіць з галавы. Ціхая радасьць быцьця блажыцца пачуцьцём дыскамфорту, адарванасьці ад сьвету. Вось і сёньня ўвечары БТ зухавата пляжыць эўрапейскія лібэральныя ідэі вуснамі маладзенькага акуратна прычасанага тэлебалванчыка. Чуем: “Лібэралізм усходнім славянам не падыходзіць, ён прырастае толькі ў мэгаполісах. Мы ідзем сваім праваслаўным шляхам. І Беларусь тут безумоўны маральны лідэр”. Усё ясна. Мы — лепшыя ад усіх.

Пры такім падыходзе лёгка зразумець упартасьць РПЦ жыць паводле юльянскага календара: мы не зьліёмся з амаральнай Эўропай. І не зьліваюцца. У перадкалядны пост на праваслаўных кірмашах і на Дзень Божага Нараджэньня ў белакаменнай і ў Менску натоўпы пустацікаўцаў жлукцяць гарэлку, спажываюць скаромную закусь, дзівяцца на падагрэтых алькаголем галапупых падтанцоўшчыц. Як бы сказаў Апостал Паўла, “чаша Госпада запіваецца келіхам д’ябла”. Царква для дзяржавы — як палітычная шуплядка замест КПСС. Лекаваньне душы, загробнае жыцьцё, другое прышэсьце, Сьвятая Тройца, — які сымбаль веры, якая таямніца Вечнага!

Напярэдадні Дня Божага Нараджэньня дзяржава, — бяз модлаў і крыжа — прыйшла на вячэрню ў Храм і шарачковым экспромтам прагалосіла сваю казань, дзе паміж іншым было і такое: “чтобы достойно жить, мы должны производить качественный товар”. (Помніцца, Хрыстос некалі выганяў гандляроў з Храму.) Вось такі апатэоз беларускага цэзарапапізму.

У такі храм я не хадыка. Лепш разумецца з сваім дэміюргам без пасярэднікаў.


13 студзеня

Сёньня стары Новы год. “Крывыя вечары” аж да Вадохрышча. Нячысьцікі лютуюць. У гэтыя дні нельга быць сур’ёзным, нельга абложна працаваць, трэба весяліцца , даведвацца сяброў, “жаніць Цярэжку”, дэманструючы наступ эры патрыярхату... Па традыцыі пад “крывыя вечары” тэлефаную Зіне Мажэйцы, маёй суседцы. Зінаіда Якаўлеўна — вучоны-этнамузыколяг эўрапейскага фармату, супрацоўніца Акадэміі навук, уганараваная ЮНЭСКА ды іншымі міжнароднымі ўстановамі, загартаваны змагар-аптыміст за аўтэнтычныя сьпевы.

Вітаемся, па-карнавальнаму жартуем, сьпяваем адно аднаму гарэзьлівыя полацкія “цярэжкі“:

Цярэжка, чаху-чаху,
што ў цябе ў мяху, ў мяху? —
Нітачкі-іголачкі,
розныя пярсьцёначкі…
Цярэжка цярэжыла,
на печы ня ўлежыла,
цярэжка чахукала,
на печы насюкала.

Дзед бабу тапіць вядзець,
а баба крычыць, ня йдзець.
Дзед бабу чабох на дно!
— Дзедзечка, мне й тут ладно...

Толькі Зіна сёньня невясёлая. Новае кіраўніцтва Акадэміі скараціла ў Інстытуце мастацтвазнаўства этнамузыкалягічны праект як нерэнтабэльны.

Вось і бядуе прафэсарка-ляўрэат: “На гэта ўсё жыцьцё пайшло. І вось на табе”. Ды заключае свой маналёг зрэзыгнавана-гарэзьлівай беларускай прымаўкай: “І дзень сьцёрла, і лапці зьдзёрла, і не выспаведалася”.


14 студзеня

Сёньня амбасадар Нямеччыны спадар Фрык запрасіў у сваю рэзыдэнцыю на сяброўскую вячэру выкладчыкаў Беларускага ліцэю і сяброў бацькоўскай ды вучнёўскай рады. Я — сярод запрошаных як выкладчык нямецкай мовы.

Падчас сустрэчы амбасадар паведаміў, што на чарговай штогадовай Канфэрэнцыі міністраў культуры фэдэральных земляў прынятае рашэньне падтрымаць Беларускі ліцэй, даўшы магчымасьць выпускнікам Ліцэю празь Нямецкую службу акадэмічнага абмену працягваць навучаньне ў Нямеччыне.

Гаворачы пра фэномэн ліцэю, амбасадар Фрык закончыў свой выступ двума афарызмамі Аляксандра фон Гумбальдта, славутага прыродазнаўцы, заснавальніка тэорыі расьліннай і сацыяльнай геаграфіі. Першы: “Самы небясьпечны сьветапогляд — гэта сьветапогляд чалавека, які ня бачыў сьвету”. Другі: “Самае цяжкае разьвітаньне — гэта разьвітаньне з уладаю”. Аўдыторыя рэагавала адэкватна.