Ня верце мапам, якiя цьвердзяць, што Сахара знаходзiцца на тэрыторыi адзiнаццацi краiнаў афрыканскага кантынэнту. Сахара – сама краiна. Дакладней, не краiна, а цэлы кантынэнт. А можа, нават зусiм iншая плянэта са сваiмi ўяўленьнямi пра час i прастору, пра гасьцiннасьць i дзяржаўныя межы, пра чалавека й цывiлiзацыю?..
Пазаўчора ты яшчэ сядзеў дома пры сваiм пэрсанальным кампутары. Учора пiў каву з бальсанам ва ўтульным гатэлi на мiжземнаморскiм узьбярэжжы. А сёньня ты цалкам залежны ад твайго праваднiка Самiра, якi кiраваў ужо безьлiччу такiх трохдзённых экспэдыцыяў, што дае й табе надзею вярнуцца жывым.
Але пакуль што Самiравы iнструкцыi цяжка назваць жыцьцясьцьвярджальнымi. Наперадзе ноч у намёце, пастаўленым проста на пяску. Пасьля заходу сонца табе трэба трымацца як мага блiжэй не да людзей, а да вярблюдаў, бо пах iхняе мачы дзейнiчае на сахарскiх зьмеяў i скарпiёнаў гэтаксама, як часнык на тваiх родных эўрапейскiх вампiраў. Ты не павiнен нi ў якiм разе нават фатаграфаваць сустрэтых у Сахары жанчын, бо тады твая сям’я мае надзвычай высокiя шанцы атрымаць фотаздымак твайго яшчэ цёплага маладога трупу ў белых баваўняных штанах.
Гарадок Эль-Джэм захаваў цыкляпiчны антычны амфiтэатар, на каменных лавах якога ў II стагодзьдзi нашае эры маглi ўладкавацца 30 тысячаў аматараў крывавых вiдовiшчаў. Але Сахара своечасова спынiла наступальны iмпэт Эўропы, i цяпер са шчылiны памiж каменнымi блёкамi на цябе пiльным позiркам памежнiка глядзiць першы сахарскi скарпiён, нараджаючы ў тваёй душы асаблiва цёплыя пачуцьцi да вярблюдаў ды iхняе цудадзейнае мачы.
Калi Сахара – iншая плянэта, то яна мае тры кантынэнты. Першы зь iх, як нi дзiўна, цалкам пазбаўлены пяску. Тут пануюць горы, суцэльны камень. Жыхары тутэйшае сталiцы Матматы адвеку жывуць у выдлубаных у скалах пячорах. Апартамэнты матматаўцаў можна пазнаць па навязаным вярблюдзе альбо па тэлеантэне, якая ловiць сыгналы нашае цывiлiзацыi. Жыхарка адной зь пячораў круцiць нешта накшталт жорнаў, глядзiць праз «Panasonic» музычную праграму MTV i мэлянхалiчна паведамляе, што ёй 300 гадоў.
Наступны кантынэнт складаецца з солi. Калiсьцi гэта было бязьмежнае салёнае возера цi мора. Ня выключна, што па iм плавалi фантастычныя паводле зямных меркаваньняў караблi зь ня менш фантастычнымi таварамi. Дзякуючы такой тутэйшай зьяве, як фата-маргана, iх можна пабачыць i цяпер. Яны велiчна плывуць па саляной роўнядзi, а па-над iмi бязгучна ляцяць у небе чароды крылатых белых драмадэраў з блакiтнымi вачыма.
Сёньня сахарскiя маракi адпачываюць, i ты сустрэнеш тут толькi пляцдарм зямнога прагрэсу ў выглядзе адмысловага аазысу, што складаецца з тузiну буданчыкаў зь лiтарамi WC. Пытаньне, як працуе на дне гэтага сухога, амаль марсiянскага мора зьлiўная сыстэма будзе мучыць цябе нядоўга. Усьлед за кожным наведнiкам у кабiнку заходзiць усьмешлiвы тубылец з напоўненай вадою плястыкавай пляшкай. Побач стаiць цэлая батарэя рознакалiбровай тары з выратавальнай вадкасьцю, i ў размаiтасьцi яе налепак ты ўсьцешлiва прачытаеш «Менская, № 4». Значыцца, ты памыляўся, калi думаў, што да цябе апошнiм суайчыньнiкам у гэтых шыротах быў герой навэлi Ўладзiмера Караткевiча «Сiняя-сiняя», якi да астатняга патрону адстрэльваўся ад туарэгаў.
У крылатых блакiтнавокiх драмадэраў сёньня таксама выхадны, i далей табе наканава ехаць на iхнiм бяскрылым рахманым супляменьнiку. Яго завуць проста вярблюдам, або, па-тутэйшаму, кямалем. Гэткі звычайны сахарскі вярблюд са звычайным фаласам, што ў апагеі дасягае ўсяго нейкіх 13О сантымэтраў. Такое даўжыні дзеля поўнага шчасьця відавочна недастаткова, бо іначай кямаль ня меў бы завядзёнкі пасьля сьмерці свайго гаспадара раструшчваць сабе галаву аб камень.
Тое месца, дзе сьпiна губляе сваё гордае найменьне, ты нацiраеш ужо сярод клясычных барханаў. На зьмярканьнi, калі далей трымацца ў сядле амаль немагчыма, з-за барханаў раптам вынырне мястэчка Эль-Флявуар, дзе цябе будзе чакаць невыказна прыемнае адкрыцьцё. Ты даведаесься, што сёньняшнюю ноч прабавiш не ў атачэньнi скарпiёнаў пад аховаю паху вярблюджае мачы, а ў вельмi нават прыстойным гатэлi, дзе ў кранах ёсьць гарачая й халодная вада, а ў бары – чырвонае вiно.
Вiдаць, чарнаскуры аж да сiнечы гаспадар гатэлю, як i 300-гадовая бабуля зь пячорнае Матматы, часам уключае свой «Panasonic». Пачуўшы слова «Беларусь», ён радасна й белазуба галёкае «Чернобыл. Лукаш’енка» i балюча тыцкае табе ў грудзi свой палец з залатой пячаткаю, быццам Лукашэнка – гэта ты. У цябе не пытаюцца пашпарту, i цалкам верагодна, што ў картцы госьця цябе так i запiсваюць – Лукашэнка.
Неўзабаве ты ўжо ведаеш, што найлепшы сродак ад скарпiёнаў – не чыя-небудзь мача, а алжырскае чырвонае вiно. Дзьвюх яго пляшак досыць, каб ты выйшаў з гатэлю i лёг на цёплы пясок, настальгiчна згадаўшы краiну, код якой – 011-375 – пазначаны каля гатэльнага тэлефону-аўтамату. Ты глядзiш на незнаёмыя сузор’i i трывожна думаеш, што, магчыма, ня белыя драмадэры, а якраз яна, гэтая краiна, i ёсьць сапраўдная фата-маргана: цяпер існуе ў тваiм уяўленьнi, а як толькi ты вернесься – растае, нiбы цыгарэтны дымок у паветры.
Каб упэўнiцца ў адваротным, ты, палохаючы сонных скарпiёнаў, рушыш да мiжнароднага тэлефону i праз хвiлiну даведаесься, што ў Менску зноў судзяць лiдэра «Маладога фронту» Паўла Севярынца, а ў Наваполацку нейкiя тыпы скралi кампутары ў культурнiцкай суполкi «Ўсяслаў Чарадзей». Ты з палёгкаю ўздыхнеш, i галодныя скарпіёны пачуюць тваё шчасьлівае: «Жыве Беларусь!»