Аэрапорты Аляксандра Лукашука

Аляксандар Лукашук

Браты Райт скончылі з памежнай геаграфіяй раз і назаўсёды: дзяржаўная мяжа стала праходзіць у любым месцы дзяржавы, дзе ёсьць міжнародны аэрапорт.

..!…?!?. !?! !?!! ! !! !!! !!!! !!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!

Нічыйная зона як кокан ахоплівае самалёт, і калі на борце не апынецца пара-тройка тэрарыстаў, калі ніхто не падкладзе гадзіньнікавай бомбы і ніякі зьнішчальнік ня выляціць на перахоп, можна ўключыць навушнікі на канал з клясыкай рок-н-ролу на поўную гучнасьць, заплюшчыць вочы, і алюмініевая цыгара выплюне пасажыра на іншым канцы сьвету – праз пэўную колькасьць міляў, гадзінаў і рок-альбомаў.

Flew in from Miami beach BOAC
Didn’t get to bed last night
On the way the paper bag was on my knee
Man I had a dreadful flight

Трапічная вільгаць прапітвае вопратку зь першых крокаў па Рыё-дэ-Жанэйра, у Шарамецьцева ад выхлапных газаў працуючых на марозе таксі шчыпле вочы, калючы пясок Каіру імгненна забіваецца пад каўнер, і раскалены пыл пірамідаў апякае гартань.

Праходзіць пара хвілінаў – і нешта шчоўкае ў вушах, выраўноўваецца ціск як напамінак, што толькі ты быў на вышыні дзесяць тысячаў мэтраў, а зараз ўжо на ўзроўні мора.

“Чаму Вы гаворыце па-ангельску?”, - спытаў мяне афіцэр-памежнік у лёнданскім Гітроў.

I’m back in the U.S.S.R.
You don’t know how lucky you are boy
Back in the U.S. Back in the U.S. Back in the U.S.S.R.

Мне не пашанцавала з чаргой – дакумэнты чарнаскурай парачкі, якая стаяла наперадзе, аказаліся не ў парадку, і мы застраглі ў адгароджаным бар’ерам праходзе. У суседнюю чаргу перабягаць не было сэнсу – там таксама стаяла пара падазроных асобаў.

Зрэшты, вымяраць, якая чарга рухаецца хутчэй справа нэрвовая і марная (і як я неўзабаве даведаюся, таксама марна вызначаць, хто падазроны, хто не). Колькі разоў я назіраў за бясплённымі спробамі знайсьці прывідную ўдачу – апярэдзіць суседзяў, першым пакінуць надакучлівае чэрава самалёта. Трап яшчэ не пададзены, люк зачынены, але ўстрывожаныя пасажыры пыхцяць адзін аднаму ў патыліцу ў вузкім праходчыку паміж крэслаў, перамінаюцца з нагі на нагу ў спробе зазірнуць наперад. Рэдкі чалавек вытрымлівае масавы псыхічны ціск і застаецца спакойна сядзець у крэсьле.

Магчыма, ёсьць нейкая інэрцыя руху пасьля тысячамільнага пералёту, якая гоніць падарожніка да запаветнай мэты. Мэта, праўда, часта выглядае як аэрапортаўскі аўтобус, у якім той, хто спусьціўся па трапе апошні, становіцца ля дзьвярэй і па прыбыцьці робіцца першым. Але рэдка хто чытае Біблію ў дарозе.

Been away so long I hardly knew the place
Gee it’s good to be back home
Leave it till tomorrow to unpack my case
Honey disconnect the phone

Аднойчы на рэйсе Люфтганзы зь Мюнхэну ў Менск я сядзеў побач з акуратна апранутым спадаром, які ўвесь палёт вычытваў таўсьценны даклад на ангельскай мове. Мой позірк міжволі зачапіўся за слова “Беларусь”, мы загаварылі – сусед аказаўся экспэртам у аграрных справах нейкай галяндзкай арганізацыі і з энтузіязмам расказваў пра эўрапейскія пляны рэарганізацыі беларускіх калгасаў і міністра-рэфарматара. Мой стрыманы скептыцызм што да магчымасьці любых рэформаў у беларускім палітычным клімаце так абурыў суседа, што той нават не разьвітаўся на выхадзе з аэрапорту. Сустракаў яго сам міністар сельскай гаспадаркі, тады яшчэ ня зэк…

I’m back in the U.S.S.R.
You don’t know how lucky you are boy
Back in the U.S. Back in the U.S. Back in the U.S.S.R.

“Чаму Вы гаворыце па-ангельску?” – пытаецца памежнік.

Што ён мае на ўвазе? Магчыма, ён чакае што пасажыр хутчэй за ўсё будзе гаварыць па-кітайску – так, прынамсі, вынікае з дэмаграфічнай статыстыкі. Па-кітайску я магу сказаць



“дзякуй”, але памежнік не рэагуе, і я здагадваюся, што дэмаграфія не супадае са статыстыкай пасажырапатокаў.

Адзін мой знаёмы пашырае свой лінгвістычны арсэнал тым, што вучыць на памяць прыслоўе пад час выпіўкі на мове замежнага субутэльніка. Якраз у самалёце я сядзеў побач з шатляндцам і вывучыў новы выраз:

“Slainte mhath! ”

“Вы гаворыце і па-шатляндзку?..” – памежнік забірае пашпарт і зыходзіць.

Магчыма, ён непрыяцель шатляндзкіх сэпаратыстаў? Прыхільнік адзінай і недзялімай Вялікай Брытаніі з шатляндзкімі спадніцамі ўключна?

Well the Ukraine girls really knock me out
They leave the West behind
And Moscow girls make me sing and shout
That Georgia’s always on my mind.

Праход ніхто не ахоўвае і пры жаданьні можна пайсьці вонкі – але ж давядзецца вяртацца. Зрэшты, у мяне самыя цёплыя успаміны пра аэрапорт Гітроў – аднойчы мне ўдалося нелегальна вывезьці з СНГ, увесьці ў Вялікабрытанію і пасьля вярнуць дадому грамадзянку Беларусі. Мала таго, што па чужым пашпарце, дык яшчэ і па мужчынскім.

Грамадзянцы было 14 гадоў, і яе ў апошнюю хвіліну ўключылі ў групу чарнобыльскіх дзяцей, якая ляцела на ангельскія выспы. Ня змог прыехаць адзін хлопчык, і тады, каб квіток і месца не прапалі, вырашылі рызыкнуць. У цягніку зь Менску ў былы Ленінград нэрвова абмяркоўваліся умовы канспірацыі – але ўпартае дзяўчо наадрэз адмовілася абрэзаць доўгія шыкоўныя лёканы. Прапаршчык-памежнік глянуў у люстэрка, замацаванае зьверху ў вузкім праходзе, ласкава папарасіў зьняць кепку – і закручаныя ў тугі клубок валасы хлынулі на плечы.

I’m back in the U.S.S.R.

Але СССР ужо ляснуў, Беларусь была бел-чырвона-белага колеру, парадку не было і прапаршчык, паслухаўшы нашыя расказы пра бэкерэлі, кюры і іншыя гарачыя часьцінкі, якія радыкальна зьмяняюць арганізм, махнуў рукой і сказаў: “Пад вашую адказнасьць.”

You don’t know how lucky you are boys

Ангельская памежніца таксама бяз цяжкасьці адрозьнівала дзяўчатаў ад хлопцаў – але пачуўшы чарнобыльскі аповед, задумалася, паглядзела па баках, паставіла спэцадзнаку і прапусьціла. Ня ведаю, што яе ўразіла болей – беларускія бэкерэлі ці лібэралізм ленінградзкіх прапаршчыкаў…

Back in the U.S. Back in the U.S. Back in the U.S.S.R.

Пытаньне, чаму я гавару па-ангельску, вымагала разважлівага адказу - маючы беларускі пашпарт з памежнікамі лепш не спрачацца. Гэтыя людзі асобага складу, здольныя задаваць неверагодныя пытаньні, якія, аднак, маюць сваю схаваную лёгіку і сэнс.

I’m back back in the U.S.S.R.

Неяк на запросіны Гарвардзкага ўнівэрсітэту я ляцеў з Прагі ў Амэрыку зь перасадкай у Лёндане. Прадстаўніца службы бясьпекі амэрыканскай авіялініі ў Гітроў паглядзела мой пашпарт з авіраўскім дазволам на выезд і спыталася:

- Чаму Вам далі дазвол на ўезд?

Традыцыйныя пытаньні на гэтым этапе падарожжа – хто пакаваў чамаданы, ці ня бралі вы перадачаў ад незнаёмых асобаў, – каб часам у багажы не паляцеў чужы гераін ці нечая міна запаволенага дзеяньня.

- Мяне запрасілі на канфэрэнцыю ў Гарвардзкі ўнівэрсітэт, - патлумачыў я.

You don’t know how lucky you are boy

Ахоўніца папрасіла запрашальны ліст, некуды пайшла і праз хвіліну вярнулася з начальнікам зьмены. Той паглядзеў у запросіны:

-Тут напісана, што Вы выступаеце зь лекцыяй – на якую тэму?

Back in the U.S.

Пільны ахоўнік правяраў, ці сапраўды я той, за каго сябе ўдаю. “Ці здольная беларуская апазыцыя зьмяніць сытуацыю ў краіне,”— назваў я тэму лекцыі.

“Ну і як, – спытаўся начальнік службы бясьпекі, - здольная?”

Я азірнуўся – за мной у чарзе ў калідоры Гітроў стаяла чалавек сто пяцьдзесят.

“Вам поўны адказ ці кароткі?”— пацікавіўся я.

“Можна кароткі, - лагодна пагадзіўся спэцыяліст барацьбы з тэрарызмам. – Але пастарайцеся адказаць уцямна – я вывучаў паліталёгію ва ўнівэрсытэце.”

Back in the U.S.

Я азірнуўся яшчэ раз. Пасажыры заўважылі незвычайна працяглы дыялёг і паціху пачыналі адсоўваць каштоўныя рэчы і браць дзяцей на рукі. Пара вопытных падарожнікаў расчахлілі фотаапараты, нехта навёў відэакамэру.

Змагар з тэрарыстамі з паліталягічным ухілам пільна чакаў адказу на пытаньне, якое я вынес у тэму свайго гарвардзкага выступу: ці здольная беларуская апазыцыя дамагчыся пераменаў?

Back in the U.S.

“І так, і не,” – адказаў я.
“Прапусьціць,” - махнуў рукой ахоўнік. І патлумачыў: “Менавіта такія адказы яны і даюць на гэтых канфэрэнцыях…”

You don’t know how lucky you are boy
Back in the U.S.S.R.

Мая ангельская мова, як высьветлілася, зацікавіла памежніка ў аэрапорце Гітроў з вузкалінгвістычнай прычыны – як на ягоны слых, я гаварыў з занадта выразным паўночна-заходнім брытанскім акцэнтам лівэрпульскага тыпу (чулі б мае настаўнікі!..) Іміграцыйная служба праверыла, ці не праходжу я ў кампутарах як агент якой-небудзь разьведкі ці мафіі, у чым памежнік мне на месцы прызнаўся і выбачыўся, вяртаючы пашпарт.

Show me ‘round your snow peaked mountains way down South
Take me to your daddy’s farm
Let me hear your balalaika’s ringing out
Come and keep your comrade warm.

А я проста любіў The Beatles, якія сотні разоў праходзілі па тых самых калідорах аэрапорта Гітроў, што і я, але, у адрозьненьне ад мяне, ніколі не былі ў the U.S.S.R., хаця насамрэч і я ніколі ня быў ў тым the U.S.S.R., пра які яны сьпявалі на мове, у якой, як вядома, пішацца Manchester, а чытаецца Liverpool.