ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 20 КРАСАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

У 1934 годзе “Комунар Магілеўшчыны” інфармуе: “Наркомснаб БССР устанавіў па асноўных гарадах рэспублікі наступны парадак гандлю ў дні першамайскіх свят: хлебныя магазіны па нарміраванаму снабжэнню працуюць 30 красавіка, 1 і 2 мая ў звычайным парадку. Усе магазіны Белхарчгандлю па вольнаму продажу хлеба 30 красавіка будуць працаваць да 12 гадзін вечара, 1 мая з 3 гадзін дня да 11 вечара. 2 мая — у звычайным парадку. Закрытыя размеркавацелі з 25 па 30 красавіка будуць працаваць штодзённа да 12 гадзін ночы. 1 мая размеркавацелі закрыты. 2 мая працуюць з 12 гадзін раніцы да 2 гадзін дня”.

“Вечерний Минск” у 1974 годзе да дня Ўсесаюзнага камуністычнага суботніку піша: “Такім чынам, дзень, на які чакалі, да якога рыхтаваліся, — настаў. Дзень “чырвонай суботы”. Дзень сьвяточна-працоўны. Сьвяточны, таму што настрой у людзей прыўзьняты, а мэта высакародная — заробленыя сродкі пералічыць у фонд дзявятай пяцігодкі. Значыць, у фонд твой і мой, у фонд кожнага савецкага чалавека. Дзень працоўны, таму што ўсім сэрцам прачуты дэвіз камуністычнага суботніка — даць прадукцыі ня менш за сутачную норму”.

Мінула 10 гадоў, і “ЛіМ” працягвае гэтую ж тэму: “Заўтра — дзень камуністычнага суботніка, традыцыйная свята працы, якое штогод прысвячаецца чарговай гадавіне з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна. Сёлетняе — 114-а… Як і ў мінулыя гады, у суботніку прымуць удзел прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў. Актыўны ўдзел у суботніку прымуць дзеячы літаратуры і мастацтва. Пісьменнікі, работнікі літаратурна-мастацкіх выданняў дапамогуць будаўнікам на ўзвядзенні Дома творчасці “Іслач”. На добраўпарадкаванні гарадоў будуць працаваць артысты тэатраў і кіно, студэнты творчых ВНУ… І, вядома ж, паўсюдна пройдуць выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, што падрыхтавалі да гэтага знамянальнага дня новыя цікавыя праграмы”.