ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 29 САКАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Могилевские губернские ведомости”, 1914 год:

“1. Мяса ад буйнога і дробнага быдла, забітага па-за горадам Магілёвам і губэрняй, дапускаецца да продажу толькі ў асобных мясных лаўках пасьля вэтэрынарнага агляду яго на гарадзкой вэтэрынарнай станцыі. 2. Над уваходам у мясную лаўку, вызначаную для продажу прывазнога мяса, павінна вісець шыльда з надпісам “Прывазное мяса”. 3. Дзейная санітарная абавязковая пастанова па гандлі мясам, выдадзеная 20 кастрычніка 1898 г., цалкам распаўсюджваецца і на гандаль прывазным мясам. Магілёўскі Губэрнатар А.Пільц”.

“Звязда”, 1964 год:

“За шматгадовую плённую работу па камуністычнаму выхаваньню працоўных Беларусі і па мабілізацыі іх на пасьпяховае выкананьне задач камуністычнага будаўніцтва, у сувязі з выхадам дзесяцітысячнага нумара ўзнагародзіць рэспубліканскую газэту “Советская Белоруссия” ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцягу. Старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР Л.Брэжнеў, сакратар Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР М.Геаргадзе”.

“Вечерний Минск”, 1974 год. З “Правілаў паводзінаў дзяцей і падлеткаў у гор.Менску”:

“Дзеці і падлеткі абавязаныя: падчас сустрэчаў з настаўнікамі, выхавацелямі і старэйшымі вітаць іх, безь пярэчаньня выконваць патрабаваньні службовых асобаў, пэрсаналу абслугі, членаў камсамольскага апэратыўнага атраду, дружыньнікаў, бацькоўскага патруля, работнікаў міліцыі і патруля юных інспэктараў руху; берагчы і ўмацоўваць сацыялістычную ўласнасьць, нецярпіма ставіцца да ўсіх антыграмадзкіх праяваў…”