“ЛіМ”, 1954 год:
“Палеская вёска Сінкевічы раней нічым асаблівым не вызначалася. Глухі, цёмны, забіты куток. Непазнавальна зьмянілася аблічча вёскі цяпер. Тут разьмешчаны цэнтар узбуйненага калгаса імя Малянкова Ленінскага раёну Брэсцкай вобласьці. У 1951 годзе тут пабудаваны Дом культуры… Кожны вечар у Доме культуры агітатары праводзяць масава-палітычную работу. Толькі за апошні час яны правялі гутаркі з калгасьнікамі на тэмы: “Выбары ў Вярхоўны Савет СССР — самыя дэмакратычныя выбары ў сьвеце”, “Што дала працоўным нашай краіны совецкая ўлада”, “Слаўнае 300-годзьдзе ўз’еднаньня Украіны з Расеяй”, “Дэпутат — слуга народу” і іншыя”.
“Звязда”, 1964 год:
“Воўчы кут” — так называлі вёску Орля ў гады панаваньня польскіх памешчыкаў. Ні школы, ні бальніцы, ні магазіна тут не было. Непазнавальная стала Орля пра Савецкай уладзе. Замест нізенькіх пачарнелых ад дыму хацінак вырасьлі сьветлыя дамы. Загарэліся ў іх лямпачкі Ільліча, загаварыла радыё. Не ў царкву, а ў школу-дзесяцігодку пацягнуліся людзі. У самым цэнтры вёскі разьмясьцілася ўчастковая бальніца з радзільным аддзяленьнем. Ёсьць тут аптэка, паштовае аддзяленьне сувязі, магазіны. Высокі працадзень даў магчымасьць людзям прыгожа апранацца. Каб не адставаць ад моды, хлебаробы вырашылі адкрыць у вёсцы кравецкую і шавецкую майстэрні. Не пазнаць сёньня Орлю!”
“Народная газета”, 1994 год:
“З гэтага часу 15 сакавіка стане памятным днём беларускай гісторыі”, — заявіў, выступаючы вечарам у аўторак на прэс-канфэрэнцыі Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб. На яго думку, гэты дзень увойдзе ў гісторыю дзяржавы як дзень прыняцьця першай самастойнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гаворачы аб асаблівасьцях новага Асноўнага Закона, кіраўнік парлямэнту адзначыў, што ў гэтым дакумэнце на першы плян пастаўлены правы чалавека, а не дзяржавы. Наступная асаблівасьць — зьмяненьне дзяржаўнай структуры Беларусі, якая з парлямэнцкай рэспублікі становіцца прэзыдэнцкай”.