ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 13 ЛЮТАГА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1914 год. Юры Верашчака піша:

“Вы павінны вучыцца роднай мовы, старацца разумець усе адцені чароўнай яе музыкі, павінны ачышчаць яе ад злога зельля, каторае пасеяў на ніве нашай благі чэлавек, калі работнікі, патомленыя днеўнай працай, спалі ў ночы. Кожны беларус павінен, болей чым іншые народы, старацца ачышчаць родную мову ад чужых слоў і зваротоў, бо найміты цемры шукаюць душы нашай, каб забіць яе і затручаюць атрутай крыніцы, адкуль пье душа наша. Запраўды, хто перэсыпае родную мову сваю чужымі словамі — не мае права казаць, што ён любіць яе. А хто не знае роднай мовы, ня годзен называцца Сынам Народу”.

“Беларуская крыніца”, 1934 год:

“2–9 лютага сёлетняга году — гэта “Тыдзень цьвярозасьці”. У гэты час бадай усе цывілізаваныя народы праз адпаведныя свае арганізацыі, а так-жа розным іншым спосабам, праводзяць ідэю цьвярозасьці. П’янства, як і ўсякае іншае зло, у большай ці меншай меры ёсьць усюды, і ўсюды сьведамыя гэтага людзі ваююць з ім… Тымчасам як-жа вялікую шкоду робіць алькаголь нашаму народу! Цямната страшная залягае беларускае сяло — мала там чытаюць газэт і кніжак, мала рупяцца аб палепшаньне гаспадаркі, ня думаюць аб поступе духовым і матэр’яльным, бо ня маюць на гэта ўсё грошаў. Так, ня маюць беларусы грошаў на тое, ад чаго залежыць лепшае жыцьцё іх, будучыня народу, а ёсьць грошы на гарэлку, якая руйнуе душу і цела беларуса і лепшую будучыню народу”.

“Свабода”, 1994 год:

“У суботу 5 лютага на пляцы Волі ў Менску адбылося ўрачыстае асьвячэньне рыма-каталіцкай катэдры. Асьвячэньне і імшу правёў арцыбіскуп Менскі й Магілёўскі Казімер Сьвёнтак. Ён таксама асьвяціў драўляны крыж, які прымацаваны на франтоне храму. Кажуць, гэты крыж (вышынёю 8 мэтраў) сымбалізуе 8 месяцаў цярпеньня вернікаў, якія маліліся тут на ганку пад сонцам, дажджом і на марозе. Цяпер у будынак нядаўняй спартшколы таэквандо, дзе ў аўтарнай частцы яшчэ красуецца старажытны дэвіз глядыятараў “Mors tuo vivo meo” (“Твая сьмерць — маё жыцьцё”), зноў прыйшоў Бог”.