ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 4 СЬНЕЖНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетар”, 1933 год. Адозва ІІІ раённага зьезду калгасьнікаў-ударнікаў да ўсіх калгасьнікаў і калгасьніц Віцебшчыны:

“Наш зьезд узяў на сябе адказную і разам з тым ганаровую задачу дапамагчы чыгунцы ў сьнегабарацьбе, каб ніводзін мэтар чыгуначнага палатна ў раёне работы нашых калгасаў не перашкаджаў бесьперапыннай рабоце чыгуначнага транспарту. Таварышы калгасьнікі! Прымацуем да кожнага кіломэтра патрэбную колькасьць лепшых ударнікаў для адпора сьнежнай стыхіі. На гэтым участку, як і ў полі, пакажам узоры, прыклады большэвіцкай барацьбы і адвагі”.

“Знамя юности”, 1983 год:

“Першага сьнежня, калі распачаўся гандаль па новых, зьніжаных коштах на асобныя тавары народнага спажываньня, у крамах Менску зрабілася больш ажыўлена. Да 16 гадзіны ў аддзелах ГУМу, дзе прадаюцца дываны, іх было рэалізавана 117 штук — удвая больш як звычайна. Значна павялічыўся продаж радыётавараў, тэлевізараў, фотапрыналежнасьцяў. Гаворыць пакупнік, рабочы Менскага аўтазаводу А.Туганаў: “Сёньня я набыў дыван, да якога наша сям’я даўно прыглядалася, і заплаціў за яго на трыста рублёў менш, чым ён каштаваў учора. Цяпер зьніжэньне коштаў — сьведчаньне клопату партыі і ўраду аб павышэньні дабрабыту народу. У адказ хочацца яшчэ лепш працаваць”.

“Ніва”, 1983 год. На 25-годзьдзе літаратурнага аб’яднаньня “Белавежа”:

“Аб’яднаньне нарадзілася ў “Ніве”. Амаль усе члены яго першыя творчыя крокі ставілі на нашых старонках, і мы ніколі не былі абыякавыя да росту і разьвіцьця “белавежцаў”. Чым маглі, памагалі гэтаму. Перш за ўсё рэгулярна выпускалі літаратурную старонку. Чвэрць стагодзьдзя “Белавежы” вырашылі мы адзначыць літаратурным выпускам усяго нумару… Спадзяемся, што гэтым выпускам мы ня толькі ў значнай ступені задаволім цікавасьць чытачоў да літаратурнага пытаньня ў БГКТ, але і ўмацуем думку аб патрэбе асобнага літаратурнага пэрыёдыка”.