ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 27 ЛІСТАПАДА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетар”, 1933 год:

“Віцебскі гарАзет атрымаў на 4 квартал нарад на перасяленьне ў Біра-Біджан рабочых сямей наступных кваліфікацый: краўцоў — 2, цесьляроў — 15, сталяроў — 5, каменшчыкаў — 3, пячнікоў — 1, штукатураў — 1, чорнарабочых — 10, лесарубаў — 5, лесавозаў — 3, смалакураў — 4, па вапнянай вытворчасьці — 2, у калгасы — 5, рыбаловаў-спэцыялістаў — 5. Аб умовах перасяленьня даведацца ў гарАзет (гарсовет, пакой № 3)”.

“Советская Белоруссия”, 1973 год:

“Нядаўна вылічальны цэнтар чэхаславацкага гораду Німбурку атрымаў зь Беларусі новую мадэль электронна-вылічальнай машыны “Менск-32”. “Атрыманьне “Менску-32” зрабілася для супрацоўнікаў цэнтру значнай падзеяй, — гаворыць яго дырэктар інжынэр Вацлаў Шубрта. — Ужо чатыры гады ў нас працуе яе папярэднік — “Менск-22”, і мы ім вельмі задаволеныя”. Даўняе сяброўства зьвязвае два роднасныя прадпрыемствы вылічальнай тэхнікі — Менскі завод імя Г.Арджанікідзэ і завод гораду Німбурку ў ЧССР. Цеснае супрацоўніцтва савецкіх і чэхаславацкіх спэцыялістаў пачалося адразу ж пасьля таго, як у Менску была засвоеная вытворчасьць ЭВМ”.

“Звязда”, 1993 год:

“Упершыню ў гісторыі сувэрэннай Беларусі два “сілавыя” міністры адкрыта зрабілі спробу парушыць схему маўклівых выканаўцаў. Гаворка ідзе… пра ліст старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Эдуарда Шыркоўскага і міністра ўнутраных справаў Уладзімера Ягорава, адрасаваны Старшыні Вярхоўнага Савету Станіславу Шушкевічу і Старшыні Савету Міністраў Вячаславу Кебічу. Яны маглі зрабіць гэта ціха. Але, напэўна, ня бачылі іншага шляху, каб прыцягнуць увагу да нэгатыўных працэсаў у дзяржаве. Эдуард Шыркоўскі і Ўладзімер Ягораў маюць спэцыфічную інфармацыю, аналіз якой дазваляе зрабіць прагнозы ў розных сфэрах жыцьцядзейнасьці дзяржавы. На жаль, відаць, несуцяшальнасьць такіх прагнозаў стала штуршком для зьяўленьня ліста “Аб некаторых пытаньнях дзяржаўнай будовы Рэспублікі Беларусь”. Яшчэ раз паўторым: яны маглі зрабіць гэта ціха, не пашыраючы кола сваіх нядобразычліўцаў. Але, выбраўшы іншы шлях, зрабілі ўчынак, які заслугоўвае ўвагі”.