ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 24 ЛІСТАПАДА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная змена”, 1963 год:

“Старшыня Савету Міністраў СССР М.С.Хрушчоў накіраваў пану Ліндану Б.Джонсану, прэзыдэнту ЗША, тэлеграму, у якой гаворыцца: “Глыбока засмучаны паведамленьнем аб трагічнай сьмерці выдатнага дзяржаўнага дзеяча — прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Джона Фітцджэральда Кэнэдзі. Сьмерць Дж.Ф.Кэнэдзі зьяўляецца цяжкім ударам для ўсіх людзей, якім дорага справа міру і савецка-амэрыканскага супрацоўніцтва. Зладзейскае забойства прэзыдэнта ЗША ў той час, калі ў выніку намаганьняў міралюбівых народаў намеціліся адзнакі зьмякчэньня міжнароднай напружанасьці і адкрылася пэрспэктыва паляпшэньня адносін паміж СССР і ЗША, выклікае абурэньне савецкіх людзей у адносінах да віноўнікаў гэтага гнюснага злачынства”.

“Звязда”, 1973 год. Загадчык аддзелу прапаганды і культурна-масавай работы ЦК ЛКСМБ У.Ліпскі:

“Параўнальна нядаўна пачаўся новы навучальны год у сыстэме камсамольскай палітасьветы. Арганізавана пачалі работу 7711 гурткоў і сэмінараў, у якіх марксісцка-ленінскую тэорыю вывучаюць звыш 225 тысяч юнакоў і дзяўчат. Яшчэ 88 тысяч чалавек рабочай моладзі займаюцца ў сыстэме партыйнай вучобы. А ўвогуле 90,3 працэнта ўсёй рабочай моладзі ахоплена рознымі формамі агульна-адукацыйнай, палітычнай і эканамічнай вучобы. Задача камітэтаў камсамолу, вялікай арміі прапагандыстаў якраз і заключаецца ў тым, каб зрабіць заняткі глыбока зьмястоўнымі, дасягнуць больш высокай працоўнай і грамадзка-палітычнай актыўнасьці кожнага слухача”.

“Рэспубліка”, 1993 год. Ул.Кісялёў у рубрыцы “Пытаньне-адказ” тлумачыць паходжаньне і сэнс слова “спадар”:

“Мне даволі многа даводзілася працаваць з дарэвалюцыйнымі і пасьлярэвалюцыйнымі беларускімі выданьнямі, але, як ні дзіўна, ні разу ў іх ня стрэлася ва ўжытку (можа, я быў недастаткова ўважлівы?) слова “спадар”… Менавіта ў слоўніку Я.Станкевіча дадзена ўсебаковае тлумачэньне слову “спадар”. Гэта — “гасподзь”, “госпад” (пагадзіцеся, гэта ні ў якім разе не “господин”, “пан”). Сэнс гэтага паняцьця вельмі высокі. Таму тлумачэньне В.Рагойшы, што “спадар” паходзіць ад скарочанага “гаспадара”, не вытрымлівае крытыкі. Слова “спадар” было зыходным, першапачатковым. Яго выкарыстаньне некалі мела ўзьнёслы сэнс і ўжо толькі таму было абмежаванае”.