ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 16 ВЕРАСЬНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша ніва”, 1913 год. Стары Мінчук пад загалоўкам “Як яны ваююць” піша:

“Павэдлуг цыркуляру міністра народнай прасьветы Кассо, каторы скасаваў для беларусоў маніфэст 17 апрэля 1905 году аб навуцы рэлігіі ў роднай мове дзяцей, нашы дзеці павінны вучыцца не ў тэй мові, якой яны, іх бацькі, дзяды і прадзеды гаварылі, а па расейску. Беларускую мову выганяюць зусім з школы і замест чужой польскай мовы хочуць завясьці такую-ж чужую — расейскую. І мы, бачучы гэта, клічэм ешчэ раз усіх беларусоў цьвёрда дзержацца роднай мовы сваей і стаяць за яе правы ў школі і ў касьцелі, бо ліхія часы павінны мінуцца, а хто іх перабудзе, той дабьецца свайго!”

“Звезда”, 1923 год. “Беларусь — на дапамогу Японіі”:

“Вайскоўцы штабу ЧОН і №-скага батальёну асобага прызначэньня пастанавілі пералічыць на карысьць працоўных Японіі, якія пацярпелі ад землятрусу, 2-дзённы паёк і выдаткаваную частку сродкаў з фонду ўзаемадапамогі. Супрацоўнікі Дзяржбанку на агульным сходзе пастанавілі адлічыць заробак за паўдня на карысьць працоўных Японіі. Ад службоўца Захадлесу ўчастку “Плешчыцы” Бухолціна атрыманы на адрас рэдакцыі 1 чырвонец на карысьць пралетарыяту Японіі. Барысаўскі ўвыканкам ад імя працоўных гораду і ўезду выказвае спачуваньне працоўным Японіі і шле ім дапамогу ў суме 500 руб. золатам”.

“Звязда”, 1993 год. Інфармацыя “І зноў “Цынкавыя хлопчыкі”:

“14 верасьня ў народным судзе Цэнтральнага раёну Менску пачата слуханьне справы на пазоў да вядомай беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч і газэты “Комсомольская правда”. За апошнія паўтары гады гэта ўжо чацьвертая справа, прынятая судом да разгляду супраць Алексіевіч. Сутнасьць усіх пазоўных заяваў, якія паступілі ў суд ад розных асобаў, — абарона гонару і годнасьці жывых і загінуўшых у Афганістане савецкіх салдат, якія паслужылі прататыпамі герояў апошняй кнігі пісьменьніцы “Цынкавыя хлопчыкі”. У першы дзень судовае паседжаньне праходзіла ў перапоўненай залі і працягвалася ўсяго дваццаць хвілін. На хадайніцтва адваката Алексіевіч суд адкладзены на некалькі дзён”.