ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 23 ЧЭРВЕНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Чырвоная змена”, 1973 год. Паведамленьне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларускай ССР аб выніках выбараў у саветы дэпутатаў працоўных:

“З агульнай колькасьці выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні, за кандыдатаў блёку камуністаў і беспартыйных галасавала: у абласныя саветы — 5.299.945, або 99,95%; у раённыя саветы — 3.706.886, або 99,94%; у гарадзкія саветы — 2.609.188, або 99,91%; у пасялковыя саветы — 345.350, або 99,89%. Вынікі выбараў… зьяўляюцца пераканаўчым сьведчаньнем перамогі савецкай сацыялістычнай дэмакратыі, адзінства і згуртаванасьці працоўных рэспублікі вакол Камуністычнай партыі і савецкага ўраду”.


“Трыбуна працы”, 1983 год. Кіровец калгасу “Прагрэс” І.Макаранка:

“Якраз у разгар нарыхтоўкі кармоў у друку былі апублікаваны матэрыялы чэрвеньскага Пленуму ЦК КПСС, прамова на ім Генэральнага сакратара ЦК КПСС тав. Ю.У.Андропава. Справы ў корманарыхтоўшчыкаў гаспадаркі ладзіліся з самага пачатку зялёнага жніва. Але глыбокія, слушныя думкі, выказаныя на Пленуме, дадалі нам новых сіл. З адабрэньнем сустрэлі мае таварышы, камуністы і беспартыйныя, палажэньні аб шляхах павышэньня прадуктыўнасьці працы, удасканаленьня сацыялістычнага спаборніцтва. І адразу справай рашылі адказаць на патрабаваньні партыі”.


“Могилёвские ведомости”, 1993 год:

“Пры фармаваньні парадку дня дэпутаты Рослава, Жаранкоў, Сайкоў прапанавалі дапоўніць яго справаздачай рэдактара газэты “Могилёвские ведомости” Рыгора Кісяля… Падчас непрацяглых дэбатаў была дасягнутая папярэдняя згода, што рэдактар “Могилёвских ведомостей” складзе справаздачу на наступнай сэсіі. Пытаньне пра газэту, якая цяпер зьяўляецца найбольш масавай у вобласьці, зноў выявіла, што частка дэпутатаў рашуча настроеная супраць “Могилёвских ведомостей”, мяркуючы, што газэта займаецца ня тым, чым трэба. З гэтага вынікае, што сёй-той ня можа зьмірыцца са свабодай слова і жадае, каб журналісты, як гэта было раней, пісалі выключна пад дыктоўку моцных сьвету”.