ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 23 ТРАЎНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Віцебскі пралетары”, 1933 год. Допіс Азаронка:

“Трактар выехаў а 8-й гадзіне раніцы. Узараўшы 0,15 га, а 10-й гадзіне трактар пачаў буксаваць. Праз 20 мінут даставілі тросы. Да паловы дванаццатага трактар не даваў зажыганьня. А 12-й гадзіне 40-й мінуце трактар завялі, але зноў буксоўка. Выцягнулі плуг — зноў няма зажыганьня. А 1-й гадзіне 45-й мінуце трактар урэшце заработаў. Трактарысты пакінулі машыну, пайшлі абедаць. Пасьля абеду зноў няўдача: няма зажыганьня. Да 4-х гадзін 20-ці мінут ночы не было зажыганьня. А палове пятай накіраваліся за хворым трактарыстам Бельцам. А 5-й гадзіне зьявіўся Бельц, і праз 1 гадзіну 15 мінут завялі машыну. У 7 гадзін выцягнулі плуг і адразу-ж накіравалі трактар у каапгас, дзе ён прастаяў да 11 гадзін. Потым машыну паслалі за бэнзынам. Па дарозе трактар застраў. Так зьдзекваюцца над машынай у каапгасе “Новы шлях”.

“Советская Белоруссия”, 1963 год, кандыдат гістарычных навук А.Жураў:

“А як дзіка і агідна выглядаюць у нашыя дні і ў нашай краіне няхай нават асобныя праяўленьні нізкапаклонства перад буржуазным Захадам і касмапалітызмам. Ды ці ня нам, хто першы ў сьвеце скончыў з капіталізмам, праклаў стаўбавы шлях да сацыялізму, пускаць сьліні замілаваньня ды зайздрасьці перад вітрынай капіталістычнага ўнівэрмагу? Я ніяк не зразумею, нашто савецкаму паэту ці мастаку шукаць прызнаньня і ўхвалы ў тых, хто кленчыць перад далярам? Цяжка зразумець Еўтушэнку і яму падобных, нельга прабачыць іх антыпатрыятычныя выбрыкі. Вось чаму такі адзінадушны савецкі народ у маральным асуджэньні аматараў замежнай славы”.

“Мы и время”, 1993 год, доктар сацыялягічных навук Ігар Катляроў пра найбольш аўтарытэтных асобаў краіны:

“Першае-другое месца падзялілі прэм’ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч і сьпікер парлямэнту Станіслаў Шушкевіч. 3 месца — Зянон Пазьняк, лідэр БНФ, 4 — Аляксандар Лукашэнка, народны дэпутат. 5-6: Дзьмітры Булахаў — народны дэпутат, Віктар Чыкін — сустаршыня ПКБ. 7 — Віктар Ганчар, народны дэпутат. 8-9: Іван Антановіч — прарэктар Акадэміі кіраваньня пры Савеце Міністраў, Пятро Краўчанка, міністар замежных спраў. Магчыма, парлямэнт і ўрад нарэшце прыслухаюцца да думкі народу, пра які яны так шмат гавораць?”