ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 21 КРАСАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Мінская праўда”, 1983 год, паведамленьне карэспандэнта АДН зь Лёндану “Мой ідэальны дом”:

“Жыльлёвае будаўніцтва ў краіне за апошнія дзесяць гадоў скарацілася ўдвая, і, на думку спэцыялістаў, пры такім становішчы спраў пік жыльлёвага крызысу яшчэ наперадзе. Тым часам прыватныя ўладальнікі дамоў і кватэр бессаромна карыстаюцца выгаднай для іх кан’юнктурай, да неверагодных разьмераў узьнімаючы плату за жыльлё. Цана сярэдняй кватэры цяпер складае больш за палову зарплаты кваліфікаванага рабочага. Прычым домаўладальнікі ў апошні час, як правіла, заключаюць кантракты толькі на короткі тэрмін, каб мець магчымасьць часьцей павышаць кватэрную плату і высяляць неакуратных плацельшчыкаў”.


Газэта “Бабруйскае жыцьцё”, 1993 год, артыкул “Будзе бабруйскі “Напалеон”:

“Ёсьць папярэдная дамоўленасьць зь фірмай далёкай Афрыкі, а дакладней Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Вырашана стварыць сумеснае беларуска-афрыканскае прадпрыемства, якое будзе пастаўляць у Бабруйск каньяк і неабходную сыравіну, ня горшую за традыцыйныя грузінскія і азэрбайджанскія. Пройдзе час, і ў горад на Бярэзіне пачне паступаць моцны напітак, які будзе ня горш “Напалеона”. Канкурэнт праслаўленаму францускаму каньяку ёсьць — сумеснае беларуска-афрыканскае прадпрыемства”.


Шклоўская раёнка “Ударный фронт”, 1993 год, у падборцы “Кароткая інфармацыя”:

“На даручэньне старшыні Віцебскага аблсавету зробленая выбарачная праверка ў абласным АВІРы паездак жыхароў Віцебшчыны за мяжу. Усяго ў вобласьці колькасьць фірмаў, асноўная дзейнасьць якіх зьвязаная з арганізацыяй камэрцыйных паездак у Польшчу, дасягае 40. 48% тых, хто едзе за мяжу, складаюць рабочыя і служачыя. І калі паездкі на польскія базары робяцца імі ў асноўным у пэрыяд адпачынкаў, то адзін настаўнік зь Віцебску ўмудрыўся за год 12 разоў наведаць Польшчу і ні разу ня браў адпачынак, а яго ўрокі за гэты пэрыяд ніхто не замяняў”.