ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 17 КРАСАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Наша Ніва”, 1913 год, зацемка “Расьце сьвядомасьць” за подпісам Сусед:

“Каля нашага мястэчка (Пагост. Дзіс.пав.) кругом жывуць беларусы. Апошнім часам заблудзілі да нас нейкай дарогай беларускія календары і “Наша Ніва”, каторыя былі прыняты як дарагія госьці. Вершы, якія пападаліся, хутка з вуст у вусты пераходзілі і шырыліся. У гутарцы са старымі я пачуў нямала цікавага: старыя ўсе стаялі за сваю родную мову і старыя абычаі. Адзін дзядзька прыпамінаў, як даўней у пагосцкай старой дзераўлянай цэркві сьвяшчэньнік гаварыў казаньня “па просту”. Другі (каталік), расказваў, як яшчэ гадоў 10–15 таму ў Пагосьце ў касьцеле ксёндз Урбановіч гаварыў штотыдзень казаньня па-беларуску і як з гэтага ўсе былі рады. Усе ўздыхалі і бедавалі, што мова наша цяпер у загоне”.


Газэта “Звязда”, 1923 год, абвестка:

“Кіно “Гратэск”. Сёньня на экране найвялікшы сусьветны баявік апошняга выпуску “Ў бурнай плыні жыцьця” (Мендэле Гамерштэйн). Трагедыя жыцьця габрэйскіх музыкантаў у 8 частках. 4 месяцы запар праходзіла ў лепшых тэатрах Масквы і Петраграду пры перапоўненых зборах з удзелам Конрада Вейта, славутага артыста, які выконваў ролю адмірала Нэльсана ў карціне “Лэдзі Гамільтан”. Рэдкі па задуме сюжэт”.


“Знамя юности”, 1993 год, нататка “СНД замірае па пятніцах”:

“Напярэдадні сустрэчы ў Менску кіраўнікоў дзяржаваў СНД Станіслаў Шушкевіч заявіў, што галоўнае пытаньне, якое будзе абмеркаванае на менскай сустрэчы прэзыдэнтаў садружнасьці, заключаецца ў тым, “як зрабіць дзеяздольнымі і як прымусіць працаваць эканамічныя пагадненьні СНД”. “Самае важнае пытаньне, на якое мы будзем налягаць, — гэта мытны саюз”, — сказаў ён. Хоць беларуская апазыцыя раіла браць з Расеі і іншых краінаў СНД транспартны падатак, адзначыў Шушкевіч, сёньня найбольш выгоды для Беларусі ў сумеснай мытнай прасторы. Прычынай таго, што раней падпісаныя пагадненьні СНД ня дзейнічаюць, Шушкевіч назваў адсутнасьць мэханізмаў санкцыяў за іх невыкананьне”.