ЦЫТАТЫ ММІНУЛАГА - 14 КРАСАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Звезда”, 14 красавіка 1923 году, допіс “Для каго?” пад рубрыкай “Увагу дробязям”:

“Згодна з габрэйскім звычаем першыя два велікодныя вечары дзеці пытаюцца ў бацькоў: чым гэтая ноч адрозьніваецца ад іншых начэй. Дакладна такое ж самае пытаньне трэба задаць Менскай электрастанцыі: чым адрозьніваецца ноч з 7 на 8 красавіка ад іншых? У ноч з 6 на 7 лістапада напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі электрычнасьць пагасілі роўна ў 2 гадзіны ночы, а ў велікодную ноч — пагасілі ў 6 гадзін раніцы. Для каго гарэла электрычнасьць у гэтую ноч?”


“Советская Белоруссия”, 1983 год, навуковы супрацоўнік Дзяржпляну БССР Літвін:

“Толькі за адзін мінулы год толькі прамысловыя прадпрыемствы Менску скіравалі на гарадзкія звалкі, што ў Трасьцянцы, Паперні і Прудзішчы, каля 600 тысяч тон кубамэтраў адкідаў. А ў гэтых адкідах было шмат бляхі і латуні, абрэзкаў мэталічных труб і стальной арматуры, нявыкарыстаных цалкам бухтаў электрычнага дроту, а таксама іншыя каштоўныя адкіды — кавалкі скуры, дэрмантыну, паралёну і шмат што іншае, што можна было б, канечне ж, выкарыстоўваць”.


“Народная газета”, 1993 год, заключнае слова старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча на плянарным паседжаньні 9 красавіка:

“Я ўношу прапанову: у адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь” прашу Вярхоўны Савет прыняць рашэньне аб правядзеньні ў маі 1993 году абавязковага рэспубліканскага рэфэрэндуму па вызначэньню характару нэўтралітэту Рэспублікі Беларусь. Прашу ўнесьці ў бюлетэнь пытаньне: “Ці падтрымліваеце вы нэўтралітэт Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адмову ад уступленьня ў любыя ваенна-палітычныя саюзы зь іншымі дзяржавамі альбо іх аб’яднаньнямі?” Калі народ скажа, што мы павінны быць у гэтым саюзе, я лічу тады, што ня маю права заставацца старшынём Вярхоўнага Савету”.