ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 8 КРАСАВІКА

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

Газэта “Чырвоная змена”, 1953 год, рэдакцыйны артыкул “Сілавому рэзаньню — шырокую дарогу”:

“Наватар. Гэтае ганаровае імя носіць у нас кожны, хто ў дасканаласьці авалодаў тэхнікай, хто няспынна рухае яе наперад. Наватар — паборнік усяго новага, перадавога і прагрэсіўнага. Выдатных посьпехаў дасягнуў токар камсамолец Якаў Дубін, які першы на Менскім аўтазаводзе прымяніў сілавое рэзаньне мэталу. Пад кіраўніцтвам тэхнолягаў цэху ён затачыў разец па мэтаду Колесава. Павялічыўшы колькасьць абаротаў і падачу, ён апрацаваў новым разцом дэталь за 0.29 мінуты замест 3.92 мінуты па норме. Такім чынам, час паменшыўся ў 13 разоў!”


Віктар Ракаў у газэце “Звязда” за 1973 год публікуе інтэрвію з драматургам Андрэем Макаёнкам, які тлумачыць:

“Між тым, сатыра ва ўмовах бурнага разьвіцьця навукова-тэхнічнага прагрэсу — вельмі патрэбны кампанэнт. Рашэньні партыі і ўраду заклікаюць нас, пісьменьнікаў-сатырыкаў, як і кожнага савецкага чалавека, актыўней уключацца ў ганаровую справу выкананьня намечаных задач па стварэньню перадавога ў сьвеце грамадзтва. Нам трэба глыбей пранікаць у самую сутнасьць чалавечых адносін, у атмасфэру стварэньня дзелавых абставін, ускрываць і выкарчоўваць недахопы, агаляць факты нядобрасумленнасьці, абыякавасьці. І мы гэта робім і будзем рабіць з гаспадарчым клопатам дзеля таго, каб палепшыць маральную атмасфэру ўсіх бакоў нашага жыцьця”.


“Советская Белоруссия”, 1983 год, “Ім кажуць дзякуй”:

“Вяртаючыся дадому пасьля лячэньня ў санаторыі “Лётцы”, жонка майго сябра Леаніда Кацярына Ўсава толькі на вакзале ў Віцебску заўважыла, што згубіла кашалёк з грашыма і білетам. Жанчына, якая разгубілася, пачула шмат парад і слоў спачуваньня, аднак практычна дапамог ён адзін добры чалавек. Дзяжурны работнік міліцыі Чарняўскі бязь лішніх слоў накіраваўся да касы і купіў ёй білет”.