Як беларусы кватэры здаюць

Сяргей Астравец, Горадня

Сёньня здаюць кватэры на суткі і гадзіны. Навошта на гадзіны — думаю, што й дурню зразумела, як той казаў. Пагадзінная арэнда — магчымасьць атрымаць часова ложак на дваіх. Гэткія явачна-кансьпіратыўныя кватэры для спатканьняў за грошы. А вось кватэру для жыльля цяпер амаль ня знойдзеш.

“Куплю дачу ў прыгарадзе за бясцэнак альбо абмяняю на карціны ўласнага пэндзля”, — прачытаў я аднойчы на слупе і машынальна адарваў цэтлік з тэлефонам, хаця ніякай дачы ў прыгарадзе ў мяне няма. Увечары затэлефанаваў і пачуў даволі знаёмы голас:

— А, гэта ты?! — першым пазнаў ён мяне. — Гэта я, Тадзік, ну, які малюе.

— А, гэта, пачакай. Так значыцца, Тадзік, — зьдзівіўся я. — А чаго гэта ты на лецішча сабраўся ўцякаць? Сьнег яшчэ не сышоў!

— Ды гэта ўсё “бацька”. Усё гаворыць — для насельніцтва газ за капейкі. Ваду цеплаэлектрацэнтраль таксама на газе грэе, зь іх ён па поўнай праграме бярэ, а яны з нас — за ацяпленьне і за гарачую ваду. Гаспадыня кватэрная выганяе, а ў мяне жонка цяжарная. Шукаю лецішча чым бліжэй. За лета печку складу, каб зімаваць.

Вось такі лёс асобных прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі дый іншых бескватэрных грамадзянаў. Яшчэ мінулай зімой пачаўся масавы сыход кватарантаў, хаця на вуліцы яшчэ трывалі маразы. Хто добраахвотна сёньня высяляецца, а каго і прымушаюць. Бадай, ня знойдзеш такога беларуса, які аднойчы ня жыў бы на чужой кватэры. Гаспадары цясьніліся ў хрушчоўках ды брэжнеўках, каб вызваліць кут для кватарантаў ды зарабіць лішнюю капейчыну. Добраахвотна стваралі камуналкі ў сваіх кватэрах. Чэргі памыцца, у прыбіральню, да пліты. Цяпер з гэтым скончана.

Я да гаспадыні, якая высяляла небараку-мастака, з “нажом да горла”. “Ну які мне сэнс здаваць хату, калі кватаранты ледзь камунальныя паслугі адужваюць? — раздражнёна адказала спадарыня. — Ніякага навару. Сёньня лішняя кватэра — як чамадан бяз ручкі. Лепей прадаць, кватэры падскочылі ў цане”.

Але прадаюць ня ўсе, хто пазбаўляецца сёньня кватарантаў. Шмат хто зьмяшчае ў рэклямнай газэце аб’яўку пад сакрамэнтальнай рубрыкай “Здаю на суткі й гадзіны”. З гэтым цэлы бізнэс, барацьба за кліента: “Сатэліт, семдзесят праграмаў, грыль, побач аўтастаянка”.

“Пазвані мне, пазвані! — словамі песенькі агітуе абвестка, адметная чорным фонам: — Усё стыльна і шыкоўна, над ложкам — ЛЮСТРАНАЯ СТОЛЬ. Поўная канфідэнцыйнасьць. Побач начная крама. Дорага”. Ну, я і пазваніў: дорага — гэта колькі? А мне пытаньнем на пытаньне: а вам зь дзевушкай ці без?

Толькі не падумайце, што здаюць кватэры выключна для ахвотных пераспаць. Некаторыя ляканічна папярэджваюць: банкеты, сямейныя ўрачыстасьці. Чытаем далей: турэцкія дываны, пяць ложкаў, тры сталы-кнігі, дваццаць пяць пасадачных месцаў, дванаццаць спальных. І тарыфы ўказаныя: на савецкія сьвяты — шэсьцьдзесят умоўных адзінак, а на дзень закаханых і на жаночы — са скідкай.

Абвестка вялікімі літарамі: “ЗДАЕЦЦА КВАТЭРА ЗЬ СЯРДЗЮЧКАЙ”. Я да тэлефону: гэта якая яшчэ Сярдзючка, тая самая, што па тэлевізары? “Мужчына, — з дакорам адказвае нябачная дама, — у нас свая ёсьць, ці мала сёньня Сярдзючак, галоўнае — памятайце: “Пусьць душа паёт і пеніцца, Верка — наша саўрамяненьніца”. Адчуўшы, што я сумняюся, суразмоўніца дадала дзеля пераканаўчасьці: “Мужчына, народ ажно вішчыць ад нашай Сярдзючкі. Такія бюсты — закачаесься, гарэлку не захочуць піць. А як што скажа — са сьмеху парвесься”.

І яшчэ мяне зьдзівіла: “Шмат посуду, пасьцельнай бялізны, побач крама “Адзеньне з Эўропы”. Ясна: сэканд-хэнд. Ну і ў чым тут прынада? А мне адказваюць: усё эўрапейскае сёньня ў модзе... А гаварылі, што беларусы не эўрапейцы, у тым сэнсе, што не адчуваюць сябе імі. Лухта! Чаго толькі ў абвестках ня знойдзеш! “Шыкоўная эўракватэра з эўраўнітазам і джакузі!”

Днямі я сам трапіў на кватэру, на некалькі гадзінаў. Але гэта зусім ня тое, што вы думаеце. Сустрэў знаёмца, а ён пытае: ты піва любіш? Я кажу: гледзячы якое. “Портэр”, напрыклад? Можа быць, — адказваю. Дык хадзем, можа ў арганізацыю ўступіш, нам шэрагі пашыраць таксама трэба. Так я апынуўся на сходзе (назавем умоўна) партыі аматараў моцнага піва. Знаёмец патлумачыў, што выйшаў нейкі ўказ, і цяпер нават звычайнага сходу без дазволу ўладаў ды міліцыі не правядзеш. Вось і перайшлі на кватэрныя сустрэчы. Ня трэба дазволу, рэгістрацыі, за арэнду плаціць — таксама. Раз на два-тры месяцы правядзеш сходку, і парадак. Пад выглядам пагулянкі. Дзень тэлефаніста, ці якая іншая найбліжэйшая ў календары дата. Кансьпірацыя! І канфідэнцыйнасьць, зноў-такі.

Пасядзеў я, піўка папіў, паслухаў пра “Пяцёрку плюс”, ды ціхенька на кухню. А тамака якаясьці кабеціна. Аказалася, гаспадыня. Гаворыць: як стала здаваць на гадзіны і суткі, штовыхадныя пагулянкі. У рэстаране так не разьняволісься. Прычым там цэны рэстаранныя, зь пяціпрацэнтным падаткам у гарадзкую казну, а тут — гарэлка і закуска з сабой. Таньней не прыдумаеш! І ўсе задаволеныя. А самае галоўнае — можна самой жыць. Кватэру здай, а сама куды? А тут — калі на гадзіны, пайшла праветрыцца. Калі на суткі — пераначавала ў каго-небудзь, а ўлетку можна на лецішчы. І за ноч палову пэнсіі зарабіла, нічога ня робячы. А партыйныя — увогуле мілыя людзі, нічога не паб’юць, не набрудзяць. А там, глядзіш, на выбарах выйграюць, будуць свае людзі “наверсе”.